Украінскага праваабаронца не пусцілі ў Беларусь
- 30.09.2011, 14:50
Праваабаронцам зноў адмоўлена ў свабодзе руху па тэрыторыі Беларусі.
Сёння, 30 верасня ў 3:20, яшчэ аднаму прадстаўніку Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, украінскаму грамадзянскай актывісту, сябру Усеукраінскай моладзевай грамадскай арганізацыі «Фундацыя Рэгіянальных Ініцыятываў» Уладзіміру Сянько было адмоўлена ў перасячэнні мяжы Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір накіроўваўся ў Беларусь цягніком «Кіеў-Менск». Пры праверцы дакументаў падчас праходжання памежнага кантролю апынулася, што ягонае прозвішча знаходзіцца ў базе дадзеных памежнай службы з паметкай «уезд непажаданы або забаронены». Падставы, па якіх грамадзяніну Украіны быў забаронены ўезд, памежнікі назваць не змаглі. У выніку Уладзіміра высадзілі з цягніка.
На дадзены момант Сянько ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Па ягоных словах, пасля таго, як яго высадзілі з цягніка і даставілі ў аддзяленне памежнай заставы, ён чакаў выправаджэння на працягу 3-х гадзін. Увесь гэты час ягоныя дакументы знаходзіліся ў памежнікаў, а калі іх вярнулі, на апошняй старонцы свайго пашпарта грамадзяніна Украіны ён выявіў штамп аб забароне на ўезд, на якім не паказаная ні дата забароны, ні краіна, у якую забаронены ўезд. Актывіст быў вымушаны купіць зваротны квіток да Чарнігава на электрацягнік за свой кошт.
Такім чынам, Уладзімір Сянько стаў ужо 12-м прадстаўніком Камітэта міжнароднага кантролю, якому забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі ў сувязі з ягонай праваабарончай дзейнасцю.