Журналісткам абяцаюць вярнуць апаратуру на гэтым тыдні
- 11.01.2012, 13:03
Фота- і відэаапаратура, канфіскаваная ў фотарэпарцёркі Юліі Дарашкевіч і аператаркі «Нашай Нівы» Тацяны Гаўрыльчык пасля акцыі FEMEN ля будынка КДБ, знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС ўжо больш за тры тыдні.
Пра тое, што прадстаўнікі праваахоўных органаў тэхніку абяцалі хутка вярнуць, карэспандэнту «Салідарнасці» паведаміла Тацяна Гаўрыльчык. Галоўны рэдактар газеты «Наша Нiва» Андрэй Скурко падаў скаргу ў Цэнтральны РАУС, на што яму адказалі, што «разбіральніцтва будзе працягвацца яшчэ месяц». Аднак тэхніку паабяцалі аддаць на працягу гэтага тыдня.
Журналістка здзіўляецца, па якіх прычынах апаратура знаходзіцца ў міліцыі так доўга - ужо больш за тры тыдні.
- У мінулы раз, калі са мной адбыўся такі выпадак, вярнулі праз дзесяць дзён, - заўважыла яна.
Юліі Дарашкевіч канфіскаваныя ў яе нетбук, фотакамеру і аб'ектыў таксама не вярнулі. У бліжэйшы час яна мае намер падаць скаргу ў РАУС.
Нагадаем, журналістак затрымалі, калі яны здымалі акцыю FEMEN. Дарашкевіч і Гаўрыльчык ўтрымлівалі спачатку ў КДБ, адкуль потым «перадалі» ў аддзяленне Цэнтральнага РАУС. Тады ў іх без тлумачэння прычын і была канфіскаваная дарагая тэхніка.