«Антыкрызісны смех-моб» ў Брэсце (Фота)
- 13.01.2012, 17:25
У Брэсце моладзевая ініцыятыва «Аазіс» правяла сацыяльную акцыю ў межах распачатай кампаніі «Антыкрызісны смех-моб».
Маладыя людзі, апранутыя ў летнюю вопратку: шорты і майку, распаўсюджвалі на цэнтральнай вуліцы інфармацыйныя ўлёткі, перадае «Радыё Рацыя».
Галоўная мэта акцыі - паказаць, як крызіс паўплываў на звычайных людзей. Старшыня брэсцкай арганізацыі Моладзі БНФ Сяргей Кавалько распавёў аб мерапрыемстве:
«Гэтая інфармацыя падаецца не толькі намі, але і іншымі крыніцамі. Як заўсёды, гэта нейкія сухія факты на розных сайтах, або ў навінах тэлебачання і радыё. Таму мы вырашылі даць гэтую інфармацыю трошкі ў іншым фармаце, каб людзі сапраўды звярнулі на гэта ўвагу».
Удзельнік акцыі Віталь лічыць, што такія акцыі прыцягваюць больш увагі:
«Акцыя актуальная, бо не бачна, каб нашая краіна выходзіла з крызісу. Вельмі добры спосаб, каб прыцягнуць увагу да гэтай сітуацыі».
Кампанія «Антыкрызісны смех-моб» у Брэсце пачалася ў канцы снежня. Моладзевыя актывісты актывісты ўжо правялі сацыяльныя акцыі ў гарадскім транспарце, заклікаючы людзей да салідарнасці: перадаваць талоны пры выхадзе з аўтобуса.