Актывіста БХД трымаюць у «адзіночцы» і колюць псіхатропамі
- 16.01.2012, 13:41
Актывіста БХД Валера Ганчарэнку, які, прыцягнуў увагу беларускага грамадства да праблем лякарні, змясцілі ў асобную камеру ў псіхіятрычным аддзяленні.
У дадзенай камеры на вокнах і дзвярох - краты. А актывіст ізаляваны ад іншых хворых, у яго няма ні паперы, ні асадкі, ні тэлефона. У прыбіральню яго водзіць санітар, паведамляе прэс-служба БХД.
Разам з тым Валер Ганчарэнка здолеў перадаць, што яму колюць псіхатропныя рэчывы. Нягледзячы на тое, што яму вельмі цяжка, актывіст патрабуе правядзення маніторынгу БАСЛ. Ён звяртаецца да беларускай грамадскасці, «дэпутатаў» і міжнародных структур з просьбай разабрацца з жудаснымі ўмовамі ў сухотнай лякарні і расправай над ім.
Нагадаем, інвалід другой групы Валер Ганчарэнка, хворы на адкрытую форму туберкулёзу, з 12 снежня абвясціў галадоўку і адмовіўся ад прыёму медыкаментаў. Па словах хворага, ён гатовы прынесці сябе ў ахвяру замест нявінна асуджаных Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, бо не можа больш існаваць у быдлячых умовах.
На восьмы дзень галадоўкі ён быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне. 28 снежня віцебскія актывісты і прадпрымальнікі перадалі гуманітарную дапамогу пацыентам Багушэўскай абласной сухотнай лякарні. Пацыентам былі перададзеныя бялізна, адзенне (у тым ліку курткі, майкі, шкарпэткі), абутак, прадукты харчавання (30 кілаграмаў мандарынаў, столькі ж яблыкаў, 20 кілаграмаў печыва, 10 кілаграмаў цукерак), невялікая бібліятэка з 41 кнігі на хрысціянскую тэматыку і зборнікаў вершаў Уладзіміра Някляева.
У адказ Валера Ганчарэнку пачалі ўзмоцнена калоць заспакойваючымі псіхатропнымі рэчывамі.