BE RU EN

Стоп 193.1

  • 18.01.2012, 10:07

Актывісты ініцыятывы «Права на веру» і «СТОП 193.1!» спрабуюць паскорыць працэс адмены артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэкса i таксама знайсці структуру, у кампетэнцыю якой уваходзіць ініцыяваць вырашэнне гэтага пытання.

«Мы спрабуем знайсці дзяржаўную ўстанову, якая распачне працэс адмены артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэкса. На жаль, папярэднія крокі не прынеслі выніку. Мы звярталіся ў шмат якія ўстановы, усе казалі, што гатовыя разглядаць гэтае пытанне, але нічога так і не было зроблена. Таму мы прынялі рашэнне арганізаваць вырашэнне гэтага пытання адной канкрэтнай інстытуцыяй і накіравалі лісты ў шэраг дзяржаўных структур Рэспублікі Беларусь, - адзначыў Сяргей Лісічонак, адзін з кіраўнікоў Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі.

Заўважым, што ў лісце аналізуецца сітуацыя адносна артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Са студзеня 2006 года за дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі да крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле было прыцягнута не менш за 18 чалавек. Тэндэнцыяй апошняга часу стала вынясенне на падставе артыкула 193.1 папярэджанняў незарэгістраваным рэлігійным аб'яднанням, нягледзячы на ​​тое, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, права на свабоду веравызнання мае большы прыярытэт у параўнанні з іншымі правамі і не можа быць абмежаванае нават у надзвычайнай сітуацыі. Шэраг грамадскіх арганізацый беспаспяхова спрабавалі атрымаць за гэты час дзяржаўную рэгістрацыю. Такая сітуацыя, адзначаецца ў лісце, стварае сацыяльнае напружанне і перашкаджае паўнавартаснай рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў.

Актывісты грамадзкай ініцыятывы «Права на веру» і «СТОП 193.1!» накіравалі лісты ў Палату Прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Адміністрацыю Прэзідэнта, Савет Міністраў, Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны Суд, Канстытуцыйны Суд, Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, а таксама ў КДБ і шэраг іншых дзяржаўных устаноў Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны