Канстытуцыйны суд гатовы перагледзець пазіцыю па пытанні смяротнага пакарання
- 25.01.2012, 12:45
Канстытуцыйны суд можа зноў удакладніць пазіцыю па пытанні смяротнага пакарання ў выпадку, калі паступіць адпаведны зварот ад упаўнаважаных суб'ектаў.
Аб гэтым заявіў старшыня суда Пётр Міклашэвіч ў сераду на прэс-канферэнцыі ў Менску, перадае «Інтэрфакс».
«Сёння пазіцыя Канстытуцыйнага суда можа быць удакладненая, калі ва ўсталяваным законам парадку ўпаўнаважаныя суб'екты звернуцца ў суд за дачай тлумачэнняў гэтага рашэння (вынесенага ў 2004 годзе - ІФ) або для вынясення новага рашэння па дадзенай праблеме», - адзначыў кіраўнік КС.
П. Міклашэвіч нагадаў, што ў заключэнні КС у сакавіку 2004 года былі зробленыя дзве прававыя высновы. «Першае - неабходна ў Крымінальным кодэксе зрабіць адпаведныя змены, паколькі нормы КК, якія рэгламентавалі пытанні смяротнага пакарання, не паказвалі на яе часовы характар, як гэта прадугледжана ў артыкуле Канстытуцыі. Такія змены былі ўнесены ў КК», - растлумачыў старшыня суду.
Іншая пазіцыя суду, па ягоных словах, заключалася ў тым, «Лукашэнка ці «парламент» ва ўсталяваным парадку могуць прыняць рашэнне аб увядзенні мараторыя або адмены смяротнага пакарання». Разам з тым, П. Міклашэвіч звярнуў увагу на тое, што «сёння ў Канстытуцыі прадугледжана, што ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у шэраг артыкулаў Канстытуцыі, у тым ліку ў артыкул 24, які рэгламентуе пытанні прымянення смяротнага пакарання, можа быць ажыццёўленае толькі шляхам рэферэндуму».