Магілёўскі праваабарончы цэнтр можа спыніць сваё існаванне
- 26.01.2012, 10:31
Прычынай гэтаму з'яўляюцца неверагодныя фінансавыя ўмовы, у якія арганізацыю спрабуюць загнаць мясцовыя ўлады.
Дырэктар МПЦ Уладзімір Краўчанка адзначае, што іншымі спосабамі прыпыніць дзейнасць цэнтра ва ўладаў да гэтага часу не атрымлівалася, піша ПЦ «Вясна».
«Магілёўскі праваабарончы цэнтр - гэта адзіная праваабарончая арганізацыя, якая дзейнічае на тэрыторыі Магілёва. Яе дзейнасць выклікае шмат нараканняў з боку чыноўнікаў, бо мы не даем ім спакойна жыць і патрабуем вырашэння надзённых праблемаў для насельніцтва. Таму аддзел ідэалогіі гарвыканкама адмовіў у праве змяніць ўмовы дамовы арэнды для размяшчэння юрыдычнага адрасу арганізацыі. Гэта чарговая спроба расправіцца з праваабарончай арганізацыяй», - кажа Уладзімір Краўчанка.
Па словах праваабаронца, арганізацыю прымушаюць пераехаць у большае памяшканне. Магілёўскія чыноўнікі адвольна ўвялі нарматывы, згодна з якім для працы кіруючых органаў, якія складаюцца мінімум з трох чалавек, патрэбнае памяшканне плошчай мінімум 18 кв. м, гэта значыць з разлікам 6 кв.м. на чалавека.
Уладзімір Краўчанка лічыць, што сваімі незаконнымі загадамі ўлады парушаюць закон і ўмешваюцца ва ўнутраныя справы арганізацыі.
Арэндная плата за прапанаванае ўладамі памяшканне без уліку камунальных плацяжоў складае каля 2 млн. рублёў. Іншыя памяшканні для юрыдычнага адрасу цэнтра, прапанаваныя чыноўнікамі, маюць яшчэ большую плошчу.
Акрамя таго, уладамі было заяўлена, што калі там не знаходзяцца стала кіруючыя органы, то памяшканне не выкарыстоўваецца паводле статутных мэтаў.
Іншага варыянту як звяртацца ў суд, і там абараняць свае інтарэсы, дырэктар Магілёўскага праваабарончага цэнтра не бачыць.
«Для нас застаецца толькі адно - звяртацца ў суд. У сувязі з тым, што змяніліся ўмовы, памяшканне, якое было ў нас раней, было перададзенае для іншых мэтаў. Нам далі іншае памяшканне, якое нас задавальняла. Мы пагадзіліся, бо фінансава маглі яго «пацягнуць». Але нам вырашылі паставіць такія ўмовы, каб мы не змаглі аплачваць арэндную плату самастойна і не маглі існаваць законным чынам. Нас выводзяць за межы прававога поля. Мы не хочам быць нелегальнымі. Мы хочам змагацца з тымі, хто рабуе людзей, хто парушае правы чалавека, але чыноўнікам гэта не трэба», - кажа Уладзімір Краўчанка.
Нагадаем, што ГА «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» - адзіная ў Магілёве праваабарончая арганізацыя, якая мае легальны статус.