BE RU EN

МУС у тупіку

  • 26.01.2012, 15:39

МУС спрабуе апраўдацца, чаму палітвязень Андрэй Саннікаў да гэтага часу не вызвалены.

Жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, журналістка Ірына Халіп паведаміла, што гвалтам, пагрозамі і прымусам 20 лістапада 2011 года Андрэя Саннікава вымусілі напісаць прашэнне аб вызваленні на імя Лукашэнкі.

Адміністрацыя калоніі «Віцьба-3» заявіла, што накіравала хадайніцтва Саннікава разам з неабходнымі дакументамі ў аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання адміністрацыі Лукашэнкі 23 студзеня гэтага года. Прадстаўнік міністэрства паведаміў БелаПАН, што прашэнне аб памілаванні Саннікаў нібыта падаў не 20 лістапада, а 23 снежня.

Гэтае паведамленне каментуе «Радыё Свабода» Ірына Халіп:

«Учора ў першай палове дня журналістам ва ўсіх інстанцыях адказвалі, што ніхто нічога не ведае, што не існуе такой паперы - напэўна, гэта «фантазіі» Халіп. Да прыкладу, можна згадаць прэс-сакратара МУС, які казаў, што, маўляў, гэта ж Халіп кажа, што ёсць, але ж напэўна няма. А потым, бліжэй да вечара, сказалі, што ёсць такая папера, але нібыта напісаная ў снежні. Гэта значыць, што мы паставілі іх у нейкую тупіковую сітуацыю, паколькі «брахаць» далей ужо не было магчымасці. А як выхад з сітуацыі, яны прыдумалі, што гэта было ў снежні. Бо як раз атрымалася, што напярэдадні маёй прэс-канферэнцыі быў апошні дзень, калі па законе гэтая папера можа паступіць у камісію. Апошнім днём быў дзень 23 снежня - вось таму і прыдумалі гэтую дату.

- Чаму так адбылося - чаму хавалася гэтая інфармацыя?

- Я магу толькі спасылацца на словы свайго мужа, які сказаў, што не гэтая папера з'яўляецца мэтай Лукашэнка. Лукашэнку зусім не патрэбныя нейкія просьбы ад палітвязняў. У яго іншая задача - знішчыць іх фізічна, каб яны не выйшлі з турмы. Іншая - нават дзве магчымыя версіі: сапраўды Лукашэнка наогул не кантралюе сітуацыю. Што за гэтым стаяць нейкія «шэрыя кардыналы» - Віця Лукашэнка ці нехта яшчэ даўно ўсё кантралюе - і ён не ведае што адбываецца. Альбо Лукашэнка меў намер яшчэ пагандлявацца - прыберагчы гэтую інфармацыю, каб паспрабаваць неяк пагандляваць са светам.

- На што вы ўскладаеце свае надзеі ў справе выратавання Андрэя Саннікава і вызвалення яго з турмы?

- Самае галоўнае, што па просьбе Андрэя я змагла агучыць інфармацыю аб тым, што з верасня ў яго не зняволенне, а катаванні. Я агучыла гэтую інфармацыю і цяпер ужо яе хаваць, казаць, што Саннікаў сам не хоча сустракацца з адвакатам, што просіць яго не турбаваць - усё гэта ўжо не пройдзе. Усе ведаюць, што адбываецца на самой справе - і гэта галоўнае.

Апошнія навіны