BE RU EN

Пінскія камунальнікі апаганілі могілкі XIX стагоддзя

  • 31.01.2012, 15:08

Пінскія камунальнікі апаганілі старыя могілкі, на якіх пахаваныя Орды, Агінскія, Скірмунты.

Калі высякалі дрэвы, галіны пашкодзілі каля 20 помнікаў. Пінскі краязнаўца Эдвард Злобін кажа, што дакладныя страты пакуль падлічыць складана, бо галіны ўсё яшчэ ляжаць на помніках. Ён падкрэслівае: у некаторых месцах бачна, што па магілах ездзілі на машыне, перадае «Радыё Свабода».

«Бачна, што камунальнікі працавалі, яны займаюцца подрезкай дрэваў. Я палічыў, што яны падрэзалі 7-8 дрэваў да самых крон. Працавалі, мабыць, аўтакранамі і не звярталі ўвагі, што і маленькія, і вялікія галіны ляцяць уніз. Пад некаторымі дрэвамі былі пахаванні, крыжы і чыгунныя помнікі пакасіліся і раскалоліся. А ў некаторых месцах яны ездзілі па саміх пахаваннях на аўтакранах», - кажа Эдвард Злобін.

Аналагічнае здарэнне адбылося на пінскіх могілках увесну 2007 года.

«Тады пашкодзілі і разбурылі 42 пахаванні, сярод іх 12 помнікаў і крыжоў знеслі зусім. Цікава, што і тады, і зараз былі пашкоджаныя пахаванні менавіта на каталіцкіх могілках. Каталіцкія і праваслаўныя могілкі тут падзеленыя дарогай, аднак такія інцыдэнты чамусьці адбываюцца толькі на каталіцкай частцы могілак. І чамусьці падразаюць яны цалкам здаровыя дрэвы. Хай бы запрасілі каталікоў, каб тыя прынялі ўдзел у працэсе падрэзкі, каб не было прэтэнзій», - распавёў Злобін.

Краязнаўца распавёў таксама, што цяпер прадстаўнікі Саюза палякаў і каталіцкай абшчыны рыхтуюць скаргі ў гарвыканкам і камунальныя службы, каб знайшлі вінаватых у вандалізме.

Апошнія навіны