BE RU EN

Макаева абвінавачваюць у «кантрабандзе» іншамарак

  • 1.10.2012, 12:39

Намесніку старшыні руху салідарнасці «Разам» Алесю Макаеву пагражае крымінальны пераслед.

Міліцыя падазрае, што ў аўтамабілі Макаева, набытым у 2004 годзе ў аўтасалоне, перабітыя нумары. 1 кастрычніка актывіст забраў у Цэнтральным РАУС Менска свой аўтамабіль, які трэба везці на экспертызу.

Пра абставіны затрымання 23 верасня ў Драздах Алесь Макаеў распавёў «Белорусскому партизану».

- Мяне затрымалі 23 верасня ў раёне Драздоў, каля крамы «Рамонак». Машыну спыніў супрацоўнік ДАІ, там жа прысутнічаў начальнік Цэнтральнага РАУС Радзевіч, начальнік аддзела грамадскай бяспекі Шахлай, прысутнічаў даволі вядомы Грышчанка - шмат міліцэйскага начальства. Побач знаходзіўся выбарчы ўчастак, куды Лукашэнка з сынам хадзіў.

Я аплаціў квітанцыю за тэхагляд. Мне сказалі, што ў машыне знаходзяцца ўлёткі з заклікамі байкатаваць гэтыя «выбары». Маўляў, у дзень цішыні ў машыне знаходзяцца ўлёткі за байкот. Там жа гэта не забаронена - я іх не распаўсюджваў, яны проста ляжалі ў аўтамабілі!

Мяне пад канвоем даставілі ў Цэнтральны РАУС. Спачатку прыгналі «Крымінальную хроніку» БТ, раскідалі каля дзесяці ўлётак у лужыне каля машыны, як водзіцца, узялі ў мяне інтэрв'ю. Я спытаў: «А з якіх гэта часоў «Крымінальная хроніка» займаецца палітычным вышукам?»

У Цэнтральным РАУС мне сказалі, што нібыта перабітыя нумары кузава майго аўтамабіля. Склалі пратакол (у якасці панятых знайшлі толькі бамжа), накіравалі матэрыялы ў крымінальны вышук.

Слава Богу, аўтамабіль «Сітраен-Пікаса» я набываў у 2004 годзе ў аўтасалоне. У тэхпашпарце з тых часоў нумара не мяняліся. Калі б я купляў старую, ужываную машыну - упэўнены, тут жа знайшлі б тых, хто «перабіваў» гэтыя нумары. Усё гэта смешна.

- Так за што вас затрымалі і судзілі?

- Мяне судзілі не за ўлёткі з заклікам байкатаваць гэтыя «выбары» - мне далі 6 сутак па артыкуле 23.4 - супраціўленне міліцыі. Калі раней пры затрыманні міліцыя рабіла з мяне матарызніка, то цяпер ператварылі ў таго, хто супраціўляецца міліцыі.

Афіцэры Цэнтральнага РАУС намякалі, што маё затрыманне - не іх ініцыятыва, паступіў загад зверху, які міліцыя і выконвала.

Я ведаю, што адбылося. Мы праводзім «Марафон салідарнасці». Цяпер рыхтуем зварот у еўрапейскія структуры, каб яны падтрымалі беларускіх музыкаў, далі ім пляцоўку. Беларуская музыка ў краіне знішчаецца дакладна так, як знішчаюцца і беларускія палітвязні. Як толькі мы пачалі рыхтаваць гэты зварот, я адчуваў, што нешта падобнае павінна здарыцца.

- А які лёс байкотных улётак?

- А вось гэта цікавы выпадак. Каля 200 улётак двух розных відаў запячаталі у канверт. Куды яны падзеліся - аднаму Богу вядома...

Апошнія навіны