Ермакова і Харкавец не ўдзельнічаюць у пасяджэнні МВФ
- 10.10.2012, 16:02
Старшыня праўлення Нацбанка не ўдзельнічае ў гадавым пасяджэнні Саветаў кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка, які праходзіць у Токіо.
Надзея Ермакова знаходзіцца ў Менску, паездку ў Токіо яна не плануе. Нацбанк на пасяджэнні прадстаўляе першы намеснік старшыні праўлення Юрый Алымаў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе галоўнага банка краіны.
Акрамя гэтага, у Токіо не паехаў і намеснік кіраўніка ад Беларусі групай Сусветнага банка, міністр фінансаў Андрэй Харкавец. Фінансавае ведамства на пасяджэнні будзе прадстаўляць намеснік міністра Максім Ермаловіч.
У прэс-службе фінансавага ведамства выказалі здагадку, што няўдзел міністра ў пасяджэнні звязаны з яго занятасцю, паколькі ў гэтыя дні праходзіць стадыю зацвярджэння бюджэт краіны на будучы год.
Узначальвае беларускую дэлегацыю, якая прыме ўдзел у такійскім пасяджэнні МВФ і СБ, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.
Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра намер атрымаць новы крэдыт ад МВФ.