BE RU EN

Памылкі ў «рэстаўрацыі» Лідскага замка абышліся ў мільярды (Фота)

  • 11.10.2012, 13:37

7 мільярдаў рублёў выдзелена для выпраўлення памылак, дапушчаных падчас «рэстаўрацыі» архітэктурнага помніка.

10 кастрычніка міністр культуры Павел Латушка ў Нясвіжскім палацы падчас святкавання Дня работнікаў культуры паведаміў, што міністэрства ў 2013 годзе асаблівую ўвагу будзе надаваць рэстаўрацыі Лідскага замка. Не толькі ў сувязі з набліжэннем да завяршэння работ, але і з улікам неабходнасці выпраўлення пралікаў мінулых гадоў з бюджэту выдзелена 7 мільярдаў рублёў, паведамляе БелаПАН.

Таксама міністр адзначыў, што «у 2013 годзе Міністэрства культуры лічыць прыярытэтным актывізацыю работ па рэстаўрацыі Навагрудскага, Крэўскага і Ружанскага замкаў, на якую плануецца выдаткаваць 10, 5 і 5 мільярдаў рублёў адпаведна. У пералік прыярытэтных аб'ектаў рэстаўрацыі варта аднесці ўнікальны сядзібны дом у вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, на які плануецца выдаткаваць 16 мільярдаў рублёў рэспубліканскіх асігнаванняў і такі ж аб'ём мясцовых сродкаў, што дасць магчымасць забяспечыць увод аб'екта ў наступным годзе».

Павел Латушка падкрэсліў: «неабходна ўзмацніць работу па прыцягненню інвестараў для перадачы невыкарыстоўваемых сядзібных комплексаў і іншых аб'ектаў спадчыны з мэтай забеспячэння іх захаванасці і ўключэння ў гаспадарчае абарачэнне або турыстычную інфраструктуру. Важнай задачай з'яўляецца павышэнне ўзроўню і якасці рэстаўрацыйных работ».

Фотарэпартаж, які дае нагляднае ўяўленне пра тое, у што ператварыўся Лідскі замак пасля «рэстаўрацыі», апублікаваў нядаўна рэсурс vandrouka.by.

Апошнія навіны