BE RU EN

Алег Волчак: Справа вельмі закрытая, а артыкул - расстрэльны

  • 11.10.2012, 14:15

Жлобінскі «тэрарыст» выклікае шмат пытанняў у былога следчага пракуратуры.

«Улічваючы, што паводле афіцыйнай версіі «тэракт» быў накіраваны супраць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, і не радавых, справа павінна была быць гучнай. А ў нас па гэтаму «тэрарысту» усё ціха, нічога не прыдаецца агалосцы», - распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org былы следчы пракуратуры і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Па словах праваабаронцы, у іншых краінах такія выпадкі становяцца важнай навіной. «Калі ў Расеі такое адбываецца - адразу ж склікаецца прэс-канферэнцыя, называюцца версіі, матывы злачынства, прозвішчы тэрарыстаў. А ў нас нідзе няма ні асобы, ні прозвішча жлобінскага злачынца».

Незразумела, адкуль узяўся «тэрарыст» і хто яго падрыхтаваў, адзначыў Алег Волчак. «Не зразумелыя матывы. Ён узяў 5 кілаграмаў выбухоўкі і пайшоў у аддзяленне міліцыі ў масцы з надпісам на арабскай мове? Незразумела, чаму ён туды пайшоў, адкуль узяў выбухоўку, хто яго падрыхтаваў, як яго абясшкодзілі».

У апошні час у нашай краіне пастаянна «знаходзяць» выбухоўку і тэрарыстаў, сказаў былы следчы пракуратуры. «У апошнія месяцы ў Беларусі «знаходзяць» шмат выбуховых рэчываў. І ўсё гэта звязваецца з дзейнасцю злачынных груповак, якія займаюцца перапраўкай нелегальных эмігрантаў».

Адкуль узяліся гэтыя злачынныя групоўкі, задаецца пытаннем эксперт. «За апошнія 10 гадоў Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ў нас няма арганізаванай злачыннасці. А зараз атрымліваецца, што ў нас тут цэлыя кланы па перапраўцы нелегальных мігрантаў у Еўропу. Адкуль яны з'явіліся?»

Усё пачалося з Гомеля, адзначыў праваабаронца. «Тэма з выбуховымі рэчывамі і «тэрарыстамі» пачала мусіравацца пасля выбуху петарды ў Гомелі. Тады гэта назвалі разборкай кланаў. Якіх кланаў? Хто за імі стаіць? Усё гэта можна ўстанавіць».

Жлобінскі тэрарыст мог апынуцца чалавекам з псіхічнымі адхіленнямі, лічыць Алег Волчак. «Ёсць людзі, якія не аддаюць справаздачы ў сваіх дзеяннях. Хтосьці мог даць яму выбухоўку і сказаць пайсці падарваць яе ў аддзяленні міліцыі. Але калі мэта - паўплываць на супрацоўнікаў міліцыі, то лагічна было б учыніць тэракты ў Менску ў МУС, у Гомелі, дзе ўсё пачалося».

Наўрад ці адзін чалавек мог такое падрыхтаваць, упэўнены былы следчы пракуратуры. «Мы аналізуем тэракты супраць міліцыі ў Асеціі, у Чачні. Ніколі тэрарысты не дзейнічаюць у адзіночку. Яны прыязджаюць на машынах, дзейнічаюць групамі па 15 чалавек. У іх ёсць шляхі адыходу, яны хаваюцца з месца злачынства»

Калі па нашых вуліцах могуць хадзіць тэрарысты з пяццю кілаграмамі выбухоўкі, то трэба прад'яўляць прэтэнзіі спецслужбам, якія такое дапусцілі, лічыць праваабаронца. «Справа вельмі закрытая, а артыкул - расстрэльны. Грамадскасць павінна ведаць падрабязнасці справы. Калі людзі ходзяць па вуліцы з пяццю кілаграмамі выбухоўкі, то трэба прад'яўляць спецслужбам прэтэнзіі. Бо ў нас больш праваахоўных органаў, чым у Расеі. У Беларусі 5-7 структур, якія займаюцца аператыўна-вышуковай дзейнасцю».

Улады спрабуюць пераменшыць значнасць няўдалага «тэракту», заявіў Алег Волчак. «Адкуль у Беларусі з'яўляецца столькі выбуховых рэчываў? У мяне ўзнікае шмат пытанняў. Я лічу, што па гэтым пытанні павінна быць скліканая шырокая прэс-канферэнцыя. А праваахоўныя органы прадстаўляюць усе як маленькую справу раённага маштабу».

Магчыма, выпадкі з выяўленнем выбуховых рэчываў і тэрарыстаў - гэта правакацыя ўлад з мэтай паўплываць на рашэнне Еўразвяза з нагоды ўвядзення новых санкцый, заўважыў эксперт. «У апошні час то там, то там з'яўляецца інфармацыя аб выяўленні выбуховых рэчываў. То ў лесе знойдуць, то яшчэ дзе. І ўсё круціцца вакол адной версіі - перакрыцце каналаў нелегальнай міграцыі. Зараз Еўразвяз будзе прымаць рашэнне, ці ўводзіць новыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму. І як раз нядаўна Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю газеце Independent, што мы тут грудзьмі стаім на ўсходніх рубяжах Еўразвяза і не даем нелегальным эмігрантам запаланіць ЕЗ. А барацьба з нелегальнай міграцыяй - гэта і фінансаванне, і паказчык цеснага супрацоўніцтва з Інтэрполам. Уладам трэба паказаць, што мы жорстка кантралюем сітуацыю, і што з намі трэба супрацоўнічаць, а не ўводзіць санкцыі».

Апошнія навіны