У Беларусі будуць шукаць сланцавы газ
- 11.10.2012, 15:54
Дамова на геалагічнае вывучэнне і пошук у Беларусі сланцавага газу на васьмі ўчастках ужо складзена.
«Прапрацоўваецца пытанне і для «Беларуснафты», і «Белнафтахіма», г.зн. розныя ведамствы зацікаўлены ў распрацоўцы сланцавага газу. Але для таго каб пачаць яго распрацоўваць, трэба разумець, ці ёсць ён, у якіх колькасцях яго можна атрымаць. Таму пакуль мы гэтым займаемся на ўзроўні геалагічных даследаванняў у краіне», - сказаў ананімны чыноўнік агенцтву РІА «Новости».
Пры гэтым ён адзначыў, што расейскаму боку не варта турбавацца з нагоды таго, што Беларусь адмовіцца ад паставак газу з РФ, калі сланцавы газ будзе знойдзены.
«Калі мы знойдзем у нашай краіне добрае радовішча сланцавага газу і добрыя метады яго здабычы, то натуральна, мы будзем гэты рэсурс выкарыстоўваць. Сёння Беларусь спажывае 21 мільярд кубічных метраў газу, з будаўніцтвам АЭС паменшым спажыванне, дапусцім, на 15 мільярдаў кубаметраў. Але ўсё роўна газ будзе запатрабаваны ў краіне. Акрамя таго, мы транзітная краіна - праз нашу тэрыторыю значна больш транспартуецца газу, чым мы самі спажываем. Таму не думаю, што расейскаму «Газпраму» варта хвалявацца, што іх газ не будзе запатрабаваны», - сказаў суразмоўца.
Як паведамлялася раней, пастановай міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі № 36 ад 1 жніўня 2012 года Беларусь павялічыла колькасць прапанаваных у канцэсію ўчасткаў нетраў для пошуку рассеянага вуглевадароднага (сланцавага) газу з аднаго да васьмі.
У адпаведнасці з дакументам, у канцэсію прапануюцца 8 участкаў агульнай плошчай 5,525 тысячы квадратных кіламетраў. Чатыры ўчастка размешчаны на тэрыторыі Гомельскай вобласці: Акцябрскі (агульная плошча - 437 квадратных кіламетраў); Камаровічскі (387,7 квадратных кіламетра), Савічскі (653 квадратных кіламетра); Ельскі (506,4 квадратных кіламетры). Тры ўчастка знаходзяцца ў Брэсцкай вобласці: Камянецкі (1,124 тысячы квадратных кіламетраў), Шарашэўскі (1,126 тысячы квадратных кіламетраў) і Жабінкаўскі (880 квадратных кіламетраў).
Таксама канцэсіянерам прапануецца Каліноўскі ўчастак, размешчаны на тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласцей, агульнай плошчай 411,1 квадратных кіламетра.