ЕЗ падоўжыць санкцыі супраць дыктатара на год
- 12.10.2012, 14:21
Еўразвяз мае намер падоўжыць дзеянне санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму да 31 кастрычніка 2013 года.
Пра гэта гаворыцца ў каментары да парадку дня запланаванага на 15 кастрычніка пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін ЕЗ, піша БелаПАН.
«Улічваючы, што не ўсе палітвязні былі вызваленыя, ніхто з вызваленых не быў рэабілітаваны, а сітуацыя з павагай да праў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў не палепшылася, Савет падоўжыць дзеянне абмежавальных мер да 31 кастрычніка 2013 года», - паведамляе прэс-служба Савета ЕЗ.
Еўразвяз мае намер перыядычна пераглядаць абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя ў краіне. У паведамленні нагадваецца, што ў цяперашні час 243 беларускім чыноўнікам, у тым ліку Аляксандру Лукашэнке, забаронены ўезд на тэрыторыю краін ЕЗ.
У ходзе пасяджэння, якое адбудзецца ў панядзелак, міністры замежных спраў маюць намер абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі пасля «парламенцкіх выбараў», якія адбыліся 23 верасня.
«Еўразвяз працягне патрабаваць, каб усе палітвязні былі вызваленыя і рэабілітаваныя, - падкрэсліваецца ў паведамленні. - Палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі, у любым выпадку, не абмяжоўваецца санкцыямі, але таксама выяўляецца ў падтрымцы грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ».