BE RU EN

У Кітаі 40 чалавек спалілі сябе, пратэстуючы супраць высялення

  • 15.10.2012, 17:27

Супраціўляючыся высяленню з уласных дамоў, кітайскія сяляне ідуць на самыя крайнія меры.

Па дадзеных міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у Кітаі зафіксаваны ужо 41 выпадак, калі сяляне падпальваюць сябе ў знак пратэсту высяленню, піша «Независимая газета».

У імя стымулявання эканамічнага росту на фоне сусветнага фінансавага крызісу Пекін выдзеліў вялікія сродкі на будаўніцтва жылля, пракладку дарог і іншыя інфраструктурныя праекты, якія рэалізуюць прыватныя фірмы, нанятыя мясцовымі ўрадамі і муніцыпалітэтамі. У выніку фірмы ўлезлі ў пазыкі; каб іх пакрыць, чыноўнікі сілай высяляюць сялян і ўладальнікаў гарадскіх дамоў.

Продаж свабодных участкаў папаўняе мясцовую казну і дазваляе кадравым партыйным і дзяржаўным работнікам рапартаваць начальству аб паспяховым выкананні планаў.

Але людзі, якіх высяляюць, аказваюць адчайны супраціў і нярэдка гатовыя прыняць пакутлівую смерць, абараняючы свае правы, падкрэсліваецца ў дакладзе Amnesty International. Напрыклад, у правінцыі Ляанін у верасні 36-гадовы селянін Ван Шуцзе спрабаваў спыніць бульдозеры, якія пракладвалі шашэйную дарогу праз яго надзел. Сілы апынуліся няроўнымі, і ён падпаліў сябе.

У інтэрв'ю газеце намеснік дырэктара Інстытута краін Азіі і Афрыкі МДУ Андрэй Карнееў адзначае, што рост ліку канфліктаў з-за зямлі - гэта, перш за ўсё, вынік імкліва нарастаючай урбанізацыі Кітая. «Сельскагаспадарчыя ўгоддзі скарачаюцца, на іх месцы ўзводзяцца фабрыкі, вілы для багатых, аўтастрады. Але справа ў тым, што дакладных правілаў ацэнкі кошту зямлі не існуе», - адзначыў ён.

Апошнія навіны