BE RU EN

Названы самы багаты чалавек тысячагоддзя

  • 16.10.2012, 15:05

Самым багатым чалавекам за апошнія тысячу гадоў быў кіраўнік Малі Муса I, які жыў у XIV стагоддзі.

Да такой высновы прыйшлі аўтары новага рэйтынгу багачоў, піша newsru.com. У тройцы лідэраў таксама апынуліся дынастыя Ротшыльдаў і мільярдэр Джон Ракфелер. У спісе багацеяў, складзеным выданнем Сelebrity Net Worth, фігуруюць 25 чалавек.

Па падліках аўтараў спісу, агульнае багацце ўсіх удзельнікаў рэйтынгу складае 4,32 трыльёна даляраў. Толькі тры чалавекі з топ-25 жывыя дагэтуль - гэта Біл Гейтс, Карлас Слім і Уорэн Бафет, у ім няма ніводнай жанчыны, 14 чалавек - амерыканцы. У рэйтынг патрапіў і расстраляны бальшавікамі апошні рускі імператар Мікалай II.

Як піша брытанская газета The Daily Mail, аўтары спісу ўлічылі інфляцыю і пералічвалі памер багацця, зыходзячы з сённяшніх рэалій. Самым бедным з багацеяў апынуўся 82-гадовы Уорэн Бафет - найбуйнейшы інвестар у свеце, багацце якога на 2012 год ацэньваецца ў 44 млрд даляраў ЗША.

Лідэр рэйтынгу - манса (вярхоўны кіраўнік) Муса I - кіраваў сярэднявечнай дзяржавай Малі і знаходзіўся ва ўладзе больш за 20 гадоў. Пры Мусе I краіна дасягнула вяршыні развіцця. Росквіту дзяржавы і асабістаму ўзбагачэнню кіраўніка спрыяў гандаль соллю і золатам. Асабісты капітал мансі да моманту яго смерці ў 1331 годзе складаў 400 мільярдаў даляраў у сучасным эквіваленце. Зрэшты, нашчадкі Мусы I не змаглі захаваць яго капітал.

Апошнія навіны