BE RU EN

СК тэрарызуе грамадскага актывіста

  • 16.10.2012, 15:34

Актывіст кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка выкліканы ў следчы камітэт Оршы да старэйшага следчага Шчарбянка.

Менавіта ў вядзенні гэтага следчага знаходзіцца крымінальная справа па арт. 369 КК РБ, якая распачата ў дачыненні да Петрушэнкі.

Згодна з пастановай за подпісам Шчарбянка, аўтар артыкула «паказвае», што намеснік старшыні Аршанскага гарвыканкама падазраецца ва ўкрывальніцтве дзейнасці педафіла. Тым самым Мікалай Петрушэнка «публічна абылгаў» гарадскога чыноўніка «як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў», піша сайт ПЦ «Вясна».

Па справе была прызначаная лінгвістычная экспертыза. Сам Мікалай Петрушэнка прапанаваў даручыць правядзенне яе Беларускаму саюзу журналістаў альбо Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аднак следства вырашыла інакш, накіраваўшы матэрыялы для экспертызы ў Віцебскі дзяржаўны універсітэт ім. Машэрава. Вынікі экспертызы пакуль не вядомыя.

Актывіст павінен з'явіцца да следчага 17 кастрычніка да 12 гадзінам.

Апошнія навіны