Лукашэнка падставіў экс-кіраўніка «Масада»
- 18.10.2012, 9:42
Блізкія Мэіра Дагана непакояцца за яго бяспеку пасля прэс-канферэнцыі беларускага кіраўніка.
Экс-старшыня «Масада» ляжыць у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі неназоўнай беларускай клінікі пасля зробленай яму на мінулым тыдні аперацыі па перасадцы печані. Аперацыя прайшла паспяхова, але пасля яе паўсталі ўскладненні, паведамляе партал israelinfo.ru.
У сераду раніцай урачы паведамілі, што Даган знаходзіцца ў рэанімацыі, у яго высокая тэмпература. Да вечара стан хворага стабілізаваўся, перадае Timеs of Israel са спасылкай на сяброў Мэіра Дагана.
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб аперацыі, праведзенай былому шэфу ізраільскай выведкі, на прэс-канферэнцыі расейскім СМІ 16 кастрычніка. Лукашэнка пахваліўся, што Дагана не ўзяліся аперыраваць ні ў Германіі, ні ў ЗША - толькі ў Беларусі.
«Рэзанансная ж аперацыя. Я кажу: перадайце генералу, што мы нічога не гарантуем, як і любы ўрач, але зробім усё для таго, каб зрабіць усё па сучасных тэхналогіях. Калі хочаце, вазьміце з сабой кансультанта. Прывезлі нейкага свяцілу, які шмат зрабіў аперацый. Ён глядзеў, як робяць, у канцы сказаў: хлопцы, я тут не патрэбны», - заявіў прэзідэнт Беларусі.
На самой справе аперацыю Дагану ў беларускай клініцы рабіў доктар Даніэль Азулай з Парыжскага цэнтра транспланталогіі. Хірургу дапамагалі вядомыя ізраільскія ўрачы, паведамляе Timеs of Israel. Выданне перадае, што блізкія Дагана непакояцца за яго бяспеку пасля зробленай Лукашэнкам заявы і лічаць, што Ізраіль павінен дамагацца ўзмацнення аховы беларускай клінікі.
Правілы, якія дзейнічаюць у Ізраілі, забараняюць рабіць трансплантацыі печані пацыентам старэйшым за 65 гадоў. Мэіру Дагану 67 гадоў - і менавіта гэта, па словах прафесара Яакава Лаві і медыцынскага цэнтра з Тэль а-Шомэр, стала перашкодай да правядзення аперацыі ў Ізраілі.
Паводле інфармацыі 2 канала ИТВ, Дагана планавалі аперыраваць у Індыі, але ўлады гэтай краіны ў рэшце рэшт адмовіліся прыняць яго на лячэнне з-за яго мінулай пасады кіраўніка «Масада».