Місія МВФ прыступіла да працы ў Менску
- 18.10.2012, 10:19
Місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) па постпраграмнаму маніторынгу прыступіла да працы ў Менску 18 кастрычніка.
Кіруе групай экспертаў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман, піша БелаПАН.
Мэта місіі, якая будзе працаваць па 29 кастрычніка, - правядзенне трэцяга па рахунку постпраграмнага маніторынгу эканомікі Беларусі. Справаздача місіі пасля заканчэння яе работы будзе абмеркавана радай дырэктараў МВФ.
Акрамя таго, адзначылі ў прадстаўніцтве МВФ, «візіт місіі прадаставіць магчымасць беларускім уладам і супрацоўнікам фонду абмеркаваць эканамічную палітыку ўлад і перспектывы развіцця нацыянальнай эканомікі ў 2013 годзе».
У 2009-2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у рамках праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на 3,46 млрд. даляраў. Асноўны пік выплат прыпадзе на 2013-2014 гады, калі Беларусі трэба будзе вярнуць вялікую частку пазыкі.
За апошні час Менск некалькі разоў беспаспяхова звяртаўся ў МВФ за дапамогай. Аднак у фондзе паказалі на негатоўнасць улад Беларусі да глыбокіх структурных рэформ, што неабходна для аднаўлення крэдытнага супрацоўніцтва.
2 кастрычніка міністр фінансаў Андрэй Харкавец зноў паведаміў, што Беларусь гатова рэалізаваць новую праграму з МВФ. «У бліжэйшы час адбудзецца гадавы сход фонду. Дэлегацыя Беларусі правядзе там кансультацыі з прадстаўнікамі МВФ, - сказаў Харкавец. - Мы заяўлялі і будзем заяўляць, што Беларусь гатова рэалізаваць новую праграму з МВФ. Пытанне сёння будзе на баку нашых партнёраў».
Міністр не ўдакладніў, пра якія сумы у рамках новай праграмы можа ісці гаворка. «Для нас вызначальнай з'яўляецца не канкрэтная сума, а адказная макраэканамічная палітыка дзяржавы. Сума вызначыцца як складзецца разрыў у фінансаванні беларускай эканомікі на бліжэйшыя тры-пяць гадоў», - сказаў кіраўнік Мінфіна.
9-13 кастрычніка беларуская дэлегацыя на чале з міністрам эканомікі Мікалаем Снапковым удзельнічала ў Токіо ў мерапрыемствах штогадовага пасяджэння саветаў кіраўнікоў Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду. Вынікі працы кастрычніцкай місіі МВФ у Беларусі стануць асновай для далейшых кансультацый па аказанні тэхнічнай дапамогі краіне, паведамілі ў Мінэканомікі.