МЗС зноў заклікае Захад на «перамовы»
- 18.10.2012, 12:41
Пры гэтым Менск раіць Еўропе не прыспешваць Беларусь з дэмакратызацыяй.
«Спіс прэтэнзій ёсць у абодвух бакоў. Але справа не ў гэтым, а ў тым, што вырашыць іх можна толькі за сталом перамоў і ў рамках канструктыўнага ўзаемадзеяння. Мяркую, менавіта на гэтым і трэба сканцэнтраваць нашу ўвагу», - заявіў на брыфінгу ў чацвер ў Менску начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, перадае «Інтэрфакс».
Каментуючы прэтэнзіі беларускага боку, якія ён можа адрасаваць Захаду, Савіных у першую чаргу выдзеліў «праславутыя падвойныя стандарты для ацэнкі сітуацыі ў нашай краіне». «У гэтым кантэксце суб'ектыўнасць меркаванняў еўрапейскіх краін відавочная і выклікае сур'ёзныя праблемы», - сказаў ён.
Паводле яго слоў, «па-другое, сістэмнай праблемай з'яўляюцца адрозненні ў падыходах да развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі». Прадстаўнік МЗС запэўнівае, што «мы цалкам сыходзімся з Еўразвязам у разуменні неабходнасці фарміравання паўнавартаснай грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных традыцый і інстытутаў». Пры гэтым у Менску заклікаюць Еўропу не прыспешваць Беларусь з дэмакратызацыяй. «Мы добра бачым, што для гэтага патрабуецца і час, і спрыяльнае грамадскае асяроддзе, заснаванае на даверы і гарманізацыі інтарэсаў асноўных сацыяльных груп - менавіта такім чынам гэты працэс працякаў у краінах Захаду», - адзначыў Савіных.
Па словах прадстаўніка МЗС, у сувязі з гэтым у Менску лічаць, што Захад выкарыстоўвае тэму праў чалавека «для аказання ціску на нашу краіну ў сваіх палітычных і эканамічных інтарэсах».
«Такім чынам, узнікае праблема даверу, і гэтая праблема вельмі сур'ёзна», - адзначыў Савіных.
Таксама Савіных заявіў аб тым, што Беларусь не гатовая да лібералізацыі прыгранічнага руху з Польшчай.
«Палітыка, якую праводзіць польскі істэблішмэнт у двухбаковых адносінах, фармуе вельмі неспрыяльны клімат і мы пакуль, на вялікі жаль, не гатовыя рухацца ў гэтым напрамку», - заявіў ён.