BE RU EN

Сурыкаў - беларускім уладам: Хацець не шкодна

  • 2.10.2012, 10:16

Аднаўленне паставак нафты ў Беларусь з Расеі ў ранейшых аб'ёмах пад вялікім пытаннем.

Пра гэта заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у аўторак у Менску амбасадар РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

«Я ацэньваю як нармальную сітуацыю з пастаўкамі вуглевадародаў у Беларусь - ёсць баланс размеркавання нафты і нафтапрадуктаў. Пастаўка ў Беларусь нафты ў IV квартале на ўзроўні 4 млн т звязана з перапастаўкай вуглевадароднай сыравіны ў папярэднія перыяды», - растлумачыў Сурыкаў.

Каментуючы намеры беларускага боку аднавіць пастаўкі нафты ў IV квартале да ўзроўню III квартала, амбасадар сказаў: «Хацець не шкодна нікому, у тым ліку беларускаму боку і расейскаму боку, але ёсць абавязацельствы Расеі па пастаўцы нафты ў іншыя краіны».

Між тым, Сурыкаў не выключыў магчымасць аднаўлення ўзроўню паставак нафты ў IV квартале ў выпадку павелічэння нафтаздабычы ў Расеі. «Калі ёсць перавыкананне здабычы ў Расеі, то тады магчыма перавыкананне балансу паставак вуглевадародаў у Беларусь», - рэзюмаваў дыпламат.

Нагадаем, У IV квартале 2012 года Расея на 26% знізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Графік паставак у кастрычніку - снежні апынуўся на 1,3-1,4 млн тон нафты менш, чым у папярэдніх трох кварталах.

Апошнія навіны