Касцян зноў прапануе стэрылізаваць алкаголікаў
- 2.10.2012, 12:48
Экс-«дэпутат», старшыня Беларускага славянскага камітэта Сяргей Касцян прапаноўвае «лячыць» алкаголікаў прымусовай стэрылізацыяй.
У Беларусі могуць увесці норму, якая прадугледжвае пакрыццё пацыентам выдаткаў на лячэнне, калі медыцынская дапамога спатрэбілася з-за таго, што ён знаходзіўся ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення.
У сувязі з гэтым «Народная газета» прыводзіць меркаванне Сяргея Касцяна аб тым, як яшчэ на заканадаўчым узроўні можна змагацца з алкагалізмам:
«Трэба канчаць з ліберальнай дэмагогіяй адносна праў чалавека ў дачыненні да асацыяльных элементаў. Асабліва гэта тычыцца праблемы п'янства. На мой погляд, пара прымаць строгія меры да алкаголікаў, аж да гвалтоўнай стэрылізацыі».
Нагадаем, яшчэ ў 2005 годзе, будучы «дэпутатам», Касцян прапаноўваў прыняць закон аб гвалтоўнай стэрылізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.