BE RU EN

Гродзенскі суд праігнараваў скаргу Пушкіна

  • 2.10.2012, 15:16

Абласны суд 2 кастрычніка разгледзеў скаргу асуджанага Смаргонскім раённым судом мастака.

Згодна з рашэннем Смаргонскага суда, Алесь Пушкін за ўдзел у мастацкім перфомансе ў гонар забітага энкавэдыстамі беларускага патрыёта Расціслава Лапіцкага быў прысуджаны да 10 сутак адміністрацыйнага арышту (па пяць сутак за нібыта арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Мастак не пагадзіўся з такім вердыктам раённага суда і падаў скаргу ў абласны суд, ПЦ «Вясна».

Скаргу разглядаў суддзя Васіль Скок, які вёў працэс па-беларуску.

Алесь Пушкін даказваў у сваёй скарзе, што смаргонскія міліцыянты парушылі Закон аб органах унутраных спраў і Закон аб мовах. Ён сцвярджаў, што былі парушаныя яго правы, паколькі яму не паведамілі, што ён затрыманы, міліцыянты адмаўляліся выказаць свае патрабаванні па-беларуску, падчас суда пастанова была абвешчана толькі па-расейску, а ў складзеных пратаколах аб адміністрацыйным парушэнні былі дапушчаныя працэсуальныя памылкі.

У выніку разгляду суддзя пакінуў скаргу Алеся Пушкіна без задавальнення. 3 кастрычніка мастак выйдзе на волю пасля арышту.

Апошнія навіны