Тэлеканал Euronews запускае сваю радыёстанцыю
- 2.10.2012, 16:30
Радыёстанцыя будзе вяшчаць на шасці мовах: англійскай, французскай, італьянскай, нямецкай, іспанскай і рускай.
Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар тэлеканала Euronews Майкл Пітэрс падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай развіццю тэлеканала.
«Сёння мы запускаем Euronews радыё па ўсім свеце... Навіны кожныя 15 хвілін раніцай, кожныя паўгадзіны днём. Дзесьці 30% музычная частка... Спачатку ў нас будзе шэсць моў, а потым будуць іншыя мовы. Мы падпісалі пагадненне з найбуйнейшымі радыёплатформамі ў свеце, з радыёплатформамі Злучаных Штатаў, французскімі, нямецкімі...», - распавёў Пітэрс, перадае РІА «Новости».
Цяпер эфір радыёстанцыі транслюецца на сайце тэлеканала.
«Гэта калька відэаматэрыялаў, адаптаваная для радыё», - растлумачыў прадстаўнік рускай службы Euronews Сяргей Дубін.
Нагадаем, летам 2012 паведамлялася, што тэлеканал Euronews разглядае магчымасць пачаць вяшчанне на беларускай мове.