Польскіх чыноўнікаў не пусцілі ў Беларусь
- 22.10.2012, 8:23
Чацвярым прадстаўнікам Міністэрства адукацыі Польшчы адмовілі ў беларускай візе.
Яны мелі намер прыняць удзел у Другім форуме польскамоўнай адукацыі, які прайшоў у Баранавічах.
Прычыны адмовы ў выдачы віз ім не патлумачылі, паведамляе «Народная воля».
Не палічылі патрэбным прыняць удзел у мерапрыемстве і прадстаўнікі беларускага Міністэрства адукацыі. Яны камандзіравалі на форум двух кіраўнікоў аддзела адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама, якія ўсіх слухалі, але ў адказ маўчалі.
Зрэшты, нават калі б і хацелі, яны наўрад ці змаглі б растлумачыць, чаму Беларусь не выдае візы і адмаўляе ў праве на працу настаўнікам-носьбітам польскай мовы.
«У гэтым годзе наш дэпартамент і я асабіста займаліся вядзеннем перамоў па заключэнні пагадненняў аб адукацыі з двума краінамі. З Казахстанам атрымалася дамовіцца: ужо ёсць тэкст пагаднення, цяпер абмяркоўваюцца ўмовы яго падпісання. Другой краінай з'яўляецца Беларусь. Мы былі ў Менску, і нам атрымалася дамовіцца па 18 пунктах пагаднення з дваццаці. Спрэчным, напрыклад, застаецца пункт аб магчымасці дасылаць з Польшчы настаўнікаў польскай мовы ў грамадскія школы ў Беларусі. Цяпер мы чакаем адказ на нашы прапановы па гэтым пытанні ад беларускага боку», - цытуе Яцэка Мультаноўскага, намесніка дырэктара дэпартамента публічнай і культурнай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Польшчы «Брестская газета».
«Нам важна, каб у людзей, якія вывучаюць польскую мову ў Беларусі, была магчымасць пачуць сапраўдную польскую мову, без дыялектаў, мясцовага налёту. Гэтага настаўніка з Беларусі даць не могуць пры ўсім сваім жаданні», - растлумачыў, у сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шарэпка.
Начальнік аддзела адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама наўрад ці магла адказаць, чаму ў Беларусь не ўпускаюць настаўнікаў польскай мовы?
Сапраўды гэтак жа не ў яе кампетэнцыі растлумачыць сітуацыю з падручнікамі: у Беларусі да гэтага часу не выдадзеныя падручнікі на польскай мове па шэрагу дакладных і прыродазнаўчых дысцыплін.
Нагадаем, што артыкул артыкул 50 Канстытуцыі Беларусі сцвярджае, што «дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання». Як паказаў Форум, на справе ж дзяржава гарантуе, што ў тых, хто абярэ для навучання сваіх дзяцей польскую мову, будуць праблемы.