Крымінальная справа супраць журналіста Петрушэнкі спынена
- 22.10.2012, 9:57
Журналіст Мікалай Петрушэнка атрымаў апавяшчэнне аб спыненні крымінальнага пераследу.
Следчы ўпраўлення СК па Віцебскай вобласці Сахарава С.В. паведаміла, што справа была спыненая 17 кастрычніка «у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства».
Нагадаем, што ў канцы жніўня Аршанскі гарадскі аддзел Следчага камітэта РБ узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Мікалая Петрушэнкі за «абразу прадстаўніка ўлады».
Падставай стаў артыкул Петрушэнкі пад назвай «Педафіл атрымліваў прэміі за лепшыя дзіцячыя пляцоўкі», піша nash-dom.info.
Згодна з пастановай за подпісам старэйшага следчага С. Шчарбянка, аўтар артыкула «паказвае», што намеснік старшыні Аршанскага гарвыканкама падазраецца ў пакрыванні дзейнасці педафіла. Тым самым Петрушэнка нібыта «публічна абразіў» гарадскога чыноўніка «як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».
У пачатку верасня стала вядома, што справу Петрушэнкі перадалі ва ўпраўленне следчага камітэта Віцебскай вобласці «з мэтай аб'ектыўнага і прафесійнага даследавання ўсіх акалічнасцей».
Лінгвістычная экспертыза «крымінальнага» тэксту была даручана Віцебскаму педагагічнаму ўніверсітэту, спецыялісты якога не знайшлі ў тэксце нічога крымінальнага.