BE RU EN

Лябедзька: Лукашэнка паставіў пад пагрозу бяспеку беларусаў

  • 22.10.2012, 13:44

Арабскія арганізацыі захочуць звесці рахункі з экс-кіраўніком «Масада» Мэірам Даганам любой цаной, лічыць палітык.

«Напэўна, здароўе для Мэіра Дагана вышэй за ўсё, раз ён прыехаў лячыцца ў Беларусь. У нашай краіне ёсць нядрэнныя спецыялісты, але ізраільскія стандарты медыцыны надзвычай высокія. Так што лячэнне менавіта ў Беларусі можна растлумачыць не узроўнем медыцыны, а таннасцю і даступнасцю чалавечых органаў», - распавёў сайту charter97.org старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька.

Па словах палітыка, безадказная заява Лукашэнкі аб тым, што ў Беларусі прааперавалі экс-кіраўніка «Масада», паставіла пад пагрозу бяспеку простых беларусаў. «Гэта тая сітуацыя, калі «язык мой - вораг мой». Хвальба Лукашэнкі можа прывесці да напружання ў краіне. Як мінімум, для спецслужбаў некалькіх дзяржаў. Заява кіраўніка будзе спакусай для некаторых арабскіх арганізацый, каб звесці рахункі са сваім ворагам любой цаной. Гэта безадказная заява кіраўніка ставіць пад пагрозу бяспеку простых жыхароў нашай краіны».

Нагадаем, 16 кастрычніка на прэс-канферэнцыі расейскім СМІ Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі перасадзілі печань былому кіраўніку «Масада» Мэіру Дагану. Пасля такога парушэння рэжыму бяспекі ізраільскія афіцыйныя асобы прынялі рашэнне ўзмацніць ахову Мэіра Дагана.

Ізраіль асцерагаецца, што на былога кіраўніка «Масада» нападуць агенты Ірана або ліванскі рух «Хезбала». Каманда афіцэраў «Масада» павінна прыбыць у Беларусь у гэтыя выходныя. Агенты «Масада» не выключаюць таго, што небяспека тэракту пагражае не толькі экс-кіраўніку ізраільскай выведкі, але і жыхарам Менска.

Апошнія навіны