Фотафакт: На МКАД запрацавалі камеры хуткасці
- 23.10.2012, 11:51
Успышкі двух камер хуткасці, якія ўсталяваны каля 10-га гарадскога шпіталя, спрацоўваюць прыкладна раз у дзесяць секунд.
Многія кіроўцы разумеюць, што трапіліся, толькі ў гэты момант. Сёння на Менскай кальцавой дарозе пачынаюць тэставаць тэхналогіі, якія прымяняюцца на трасе М1. Камеры хуткасці фіксуюць перавышэнне на 15 км/г і больш. Атрымаць «ліст шчасця» за парушэнне на МКАД тысячы кіроўцаў могуць ужо ў бліжэйшыя дні, піша onliner.by.
Камеры ўсталяваны прама каля пешаходнага моста. Гэтае месца даволі аварыйнае. Тут здараліся рэзанансныя ДТЗ: у сакавіку 2011-га збілі групу веласіпедыстаў, некалькімі тыднямі раней кіроўца Lancia урэзаўся ў слуп, прыкладна ў той жа час непадалёк загінуў вадзіцель машыны, які раней трапіў у дробнае ДТЗ (праз некаторы час памерла яго жонка, якая знаходзілася ў машыне) .
Папераджальныя таблічкі ўстаноўлены каля абочыны, прыкладна за 100-150 метраў. Але шмат хто заўважае камеру ўжо ў непасрэднай блізкасці і пачынае прытармажваць. Гэта заўважна па стоп-сігналам, якія спрацоўваюць.
Адна камера ўсталяваная каля раздзяляльнай агароджы - яна нацэлена на вонкавы бок МКАД. Іншая стаіць каля абочыны і «страляе» па ўнутраным радыусе кальцавой. Па нашай інфармацыі, камеры фіксуюць парушэнні ў трох палосах. Яны могуць лавіць на хуткасць аўтамабілі, якія рухаюцца па пяці палосах.
Галоўнае пытанне: ці будуць штрафаваць за гэтыя перавышэнні хуткасці? З вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што будуць. Па ўказе № 454 такая магчымасць ёсць, і, хутчэй за ўсё, яна будзе рэалізаваная. А тых, хто трапіўся ў першы дзень працы камер хуткасці, можа быць шмат: у аўтамабілі, які знаходзіўся побач, спецыялісты праглядалі першыя вынікі эксплуатацыі тэхналогіі на МКАД.
Камеры хуткасці каля 10-га гарадскога шпіталя будуць працаваць сёння да позняга вечара. Стаіць задача пратэставаць іх у розных умовах: у светлы час сутак, у прыцемках, пры штучным асвятленні. Адновіцца тэставая эксплуатацыя ўжо ў пятніцу - яшчэ ў двух кропках МКАД, таксама аварыйна небяспечных. Паралельна незалежныя эксперты праводзяць свой маніторынг. Мэта - праверыць, як кіроўцы рэагуюць на з'яўленне камер хуткасці. У прыватнасці, яны выязджалі ўчора, і першыя высновы былі прадказальныя: аўтамабілі, якія рухаюцца па крайняй правай і сярэдняй палосах, не перавышаюць хуткасць. А вось у крайняй левай паласе радар часта фіксуе 130 км/г і больш.