Deutsche Welle: Прапановам Лукашэнкі нельга верыць
- 23.10.2012, 12:52
Менск заўсёды можа адыграць здзелку па НПЗ назад
Для ўрэгулявання нязгод Масквы і Менска ў нафтавай сферы, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмяняць беларускія НПЗ на права здабычы нафты і газу на расейскіх радовішчах. Эксперты ацанілі ініцыятыву скептычна, перадае Deutsche Welle.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Расеі адным махам вырашыць усе наяўныя супярэчнасці ў нафтавай сферы: купіць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) у абмен на доступ беларускіх кампаній да расейскіх нетраў. Галіновыя эксперты ў Расеі сумняюцца ў магчымасці рэалізаваць такі праект, падкрэсліваючы, што Маскве і Менску рана ці позна давядзецца неяк вырашаць існуючыя нязгоды.
Умовы не ясныя
Ніякіх дадатковых дэталяў беларускі лідэр не паведаміў. Між тым менавіта яны, упэўненыя эксперты, у дадзеным выпадку маюць прынцыповае значэнне. «Дапусцім, што НПЗ абменьваецца на права распрацоўкі радовішчаў. Але хто будзе гэтым займацца, на якіх радовішчах, адкуль фінансаванне?» - ставіць пытанні начальнік аналітычнага аддзела інвестыцыйнай кампаніі «Цэріх Кэпітал Мэнеджмент» Мікалай Падлеўскіх.
Паводле яго слоў, калі гаворка ідзе пра безграшовы абмен НПЗ на права здабычы па 10 мільёнаў тон нафты штогод на працягу 10 ці 20 гадоў, то такія радовішчы павінны ўтрымліваць вымаемыя запасы парадку 1-2 мільярда барэляў.
Гэта, па выразе Падлеўскіх, даволі прыстойныя запасы (для параўнання - запасы нарвежскай Statoil, па яго дадзеных, ацэньваюцца прыкладна ў 3 мільярды барэляў), і наўрад ці Расея на гэта пойдзе.
Незразумелыя і ўмовы, на якіх Беларусь хацела б распрацоўваць расейскія нетры. Аналітыкі ў адзін голас кажуць аб тым, што тэхналагічнай падрыхтоўкі і аснашчанасці беларускім кампаніям не хопіць ні для ўсходнесібірскіх, ні тым больш для шэльфавых радовішчаў.
«Замежныя партнёры прыцягваюцца ў такія праекты для таго, каб атрымаць ад іх вопыт, тэхналогіі і скараціць фінансавыя рызыкі. І калі да гэтага часу ні адна з расейскіх кампаній не супрацоўнічала з беларускімі, значыць, тыя не ўяўляюць цікавасці ў гэтым плане», - заявіла аналітык нафтагазавага сектара незалежнага аналітычнага агенцтва «Інвесткафэ» Юлія Вайтовіч.
Перапрацоўка не з'яўляецца прыярытэтам
Што тычыцца патрэбнасці Расеі ў сучасных НПЗ, то ў экспертнай супольнасці яе прызнаюць, адзначаючы, што зараз гэта далёка не галоўная праблема. «У нафтавых кампаній заўсёды ёсць выбар - будаваць новы завод або інвеставаць у новыя праекты па здабычы. І тое, і іншае прадугледжвае інвестыцыі на мільярды даляраў», - тлумачыць кіраўнік аналітычнага ўпраўлення Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі Расеі Аляксандр Пасечнік.
«Гэта вялікія грошы (яны нашмат перавышаюць кошт беларускіх НПЗ), а таксама вельмі працяглы перыяд выбудоўвання і выхаду на праектную магутнасць. За такі час знешнія ўмовы могуць моцна змяніцца», - згаджаецца з калегам Мікалай Падлеўскіх. Зрэшты, і сёння ўмовы для павелічэння экспарту нафтапрадуктаў не самыя спрыяльныя: у Еўропе падае попыт на паліва, а разам з ім і даходы ад перапрацоўкі нафты.
Так што, паказваюць спецыялісты, у расейскіх нафтавых кампаній пакуль няма ніякай цікавасці будаваць новыя НПЗ, як і набываць на сумніўных умовах дзеючыя беларускія. Не варта забываць і пра тое, што тыя, хто хацеў выйсці на еўрапейскі рынак, ужо гэта зрабілі. «Лукойл» валодае НПЗ у Нідэрландах, Балгарыі і Румыніі. «Газпрам нафта» цяпер мадэрнізуе заводы сербскай кампаніі NIS, а «Раснафта» мае нафтаперапрацоўчыя магутнасці ў Германіі», - нагадвае Юлія Вайтовіч.
Правераныя метады
І ўсё ж калі ў расейскіх кампаній асаблівай зацікаўленасці ў нафтавым партнёрстве з Беларуссю няма, ёсць яна ва ўлад краіны, якія хочуць выключыць магчымыя праблемы для расейскага бюджэту. Па некаторых дадзеных, за першыя восем месяцаў 2012 года Менск недаплаціў Маскве 2 мільярды даляраў мытных пошлін за нафтапрадукты, атрыманыя з расейскай нафты і адпраўленыя на экспарт. Аналітыкі адзначалі, што беларускія кампаніі спрабавалі адысці ад неабходнасці плаціць пошліну, прадаючы нафтапрадукты пад выглядам растваральнікаў.
«Фармальна парушэнняў быццам бы няма, але пытанне трэба вырашаць», - прызнае Аляксандр Пасечнік. На яго думку, да прапановы Лукашэнкі, магчыма, рана ці позна бакам давядзецца вярнуцца. Пакуль жа Масква, падобна, вярнулася да правераных метадаў уздзеяння на беларускіх партнёраў - яна скарачае пастаўкі нафты. У чацвёртым квартале Беларусь можа атрымаць яе на чвэрць менш, чым было запланавана: 4 мільёны тон замест 5,3 мільёнаў.
Не выключана, што менавіта такі метад у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі - самы верны, падкрэслівае Мікалай Падлеўскіх: «З геапалітычных меркаванняў можна было б пайсці насустрач і даць некаторыя льготы па распрацоўцы радовішчаў, дапамагчы крэдытамі, дамовіцца аб допуску да трубы. Але ж Менск заўсёды можа пачаць адыгрываць здзелку назад».