BE RU EN

У новай Вярхоўнай Радзе Украіны падтрымаюць Беларусь

  • 24.10.2012, 10:38

Міжфракцыйнае аб'яднанне ў падтрымку незалежнасці і дэмакратыі ў Беларусі будзе створана незалежна ад вынікаў парламенцкіх выбараў, якія пройдуць 28 кастрычніка.

«У мінулым годзе ўпершыню ў гісторыі Вярхоўнай Рады Украіны была створана міжфракцыйная група ў падтрымку незалежнай Беларусі. Такая ж група будзе створана і ў новай Радзе. Перамовы ўжо праведзеныя і незалежна ад таго, хто і колькі атрымае мандатаў, яна будзе працаваць. Думаю, апошнія два гады ўкраінскага жыцця прымушаюць ўкраінскіх палітыкаў больш сур'ёзна ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі. Я спадзяюся, што ўсё ж такі ўдасца тут палітычным сілам выпрацаваць свой украінскі адказ таму, што адбываецца цяпер на прасторах СНД. Асабліва ў Беларусі і Расеі. Не хочацца , каб фактычна трагедыя Беларусі паўтарылася ў Украіне», - заявіў у інтэрв'ю карэспандэнту сайта «Товарищ.online» палітык, лідэр аб'яднання «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які вымушана эміграваў ва Украіну ў 2010 годзе.

На думку Сіўчыка, «гэта паказвае, што ва Украіне розныя палітычныя партыі, дэпутаты з рознымі поглядамі ўсё ж зацікаўлены, каб Беларусь была нармальнай еўрапейскай краінай».

Ініцыятарам стварэння першай групы быў дэпутат ад блока «Наша Украіна - Народная самаабарона» Андрэй Парубій. Ён жа працягвае працу і над стварэннем групы ў будучай Вярхоўнай Радзе.

У заяве аб стварэнні міжфракцыйнага аб'яднання гаворыцца, што рашэнне абумоўлена «заклапочанасцю рэзкім пагаршэннем стану дэмакратыі і захавання грамадзянскіх свабод у суседняй і сяброўскай Беларусі». Гаворка ідзе пра «брутальныя пераследы палітычнай апазіцыі, заключэнне палітычных апанентаў і масавыя арышты грамадскіх актывістаў, забарону правядзення мірных акцый пратэсту, абмежаванне свабоды слова, увядзенне цэнзуры ў СМІ, блакаванне апазіцыйных сайтаў і сацыяльных сетак».

Разам з тым, як адзначыў Сіўчык, зараз украінская дэмакратычная грамадскасць заклапочаная пагрозай ператварэння Украіны ў тую ж Беларусь. Апошні штрых - брутальнае выкраданне ў сталіцы Украіны расейскага апазіцыянера, сябра «Левага фронту» Леаніда Развазжаева. «І гэта адбываецца падчас сустрэчы Януковіча і Пуціна. Наводзіць на сумныя разважанні», - адзначыў Сіўчык.

У той жа час на пытанні журналістаў аб факце выкрадання Развазжаева і рэакцыі кіеўскай міліцыі на гэта, у прэс-службе ГУ МУС Украіны кажуць пра тое, што ў іх няма ніякай інфармацыі.

Нагадаем, учора ў Кіеве знік расейскі апазіцыянер Леанід Развазжаеў. Па папярэдніх дадзеных, яго выкралі невядомыя каля будынка Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Кіеве.

Леанід Развазжаеў меў намер папрасіць палітычны прытулак, 19 кастрычніка ён абвешчаны ў федэральны вышук Следчым камітэтам Расеі.

Апошнія навіны