Velcom павышае кошты
- 24.10.2012, 10:54
25 лістапада аператар Velcom павысіць тарыфы на паслугі сувязі.
У кампаніі сцвярджаюць, што кошты для абанентаў паднімуцца ў сярэднім на 8%. Падаражэюць званкі, абаненцкая плата на галасавых тарыфных планах, SMS. Павелічэнне коштаў таксама закране міжнародныя званкі і дадатковыя паслугі.
Як паведамляе БелТА, павысяцца тарыфы на паслугі, якія аказваюцца праз кантэнт-правайдэраў з дапамогай адпраўкі SMS, MMS, USSD-запытаў і званкоў на кароткія нумары. Без змяненняў застануцца памеры штомесячных плацяжоў за абсталяванне, набытае раней у растэрміноўку, а таксама тарыфы на мабільны інтэрнэт. Больш падрабязна азнаёміцца з новымі коштамі можна будзе з 25 лістапада.
Сотавы аператар Velcom у гэтым годзе ўжо некалькі разоў павышаў тарыфы. Так, з 1 жніўня кошты на яго паслугі ў сярэднім выраслі на 7-9%. У прыватнасці, кошт выходных міжнародных званкоў павысіўся на 12%.