Беларусы супраць дыферэнцыраваных тарыфаў
- 24.10.2012, 12:28
З верасня краіна абмяркоўвае пытанне аб увядзенні дыферэнцыраванай сістэмы аплаты за электрычнасць.
Адной з пляцовак, дзе людзі выказваюцца па гэтай тэме, стаў сайт «Белэнерга». Наведвальнікі рэсурсу могуць прагаласаваць за адзін з двух прапанаваных варыянтаў аплаты. Першы - дыферэнцыраваная схема, па якой пэўны аб'ём энергіі чалавек будзе аплочваць па льготных коштах, а звыш нормы - па больш высокіх. Другі - дзеючая сістэма разліку, але з больш інтэнсіўным павышэннем тарыфаў. За два месяца ў апытанні на сайце прынялі ўдзел больш за 40 тысяч чалавек. Пры гэтым каля 95% рэспандэнтаў падтрымалі другі варыянт, піша сёння газета «Рэспублiка».
- За два месяцы на сайт «Белэнерга» прыйшлі больш за 2,5 тысячы паведамленняў, у якіх людзі просяць звярнуць увагу на розныя нюансы пры распрацоўцы новай схемы аплаты, - распавядаюць у аб'яднанні. - Напрыклад, улічваць не толькі колькасць людзей, якія жывуць у доме, але і колькасць сем'яў. Бо бывае, што ў кватэры жывуць чатыры чалавекі, але гэта дзве сям'і. І ў іх адпаведна 2 халадзільніка, 2 пральныя машыны, яны спажываюць электрычнасці больш, чым адна сям'я з чатырох чалавек. Часта пыталіся аб льготах для грамадзян, якія для падагрэву вады выкарыстоўваюць электрычныя воданагравальнікі. Усе прапановы абагульняюцца і аналізуюцца.
Выказаць сваё меркаванне можна да канца кастрычніка. А агульныя вынікі абмеркавання будуць падведзены ўжо ў лістападзе.
Адзначым, што цяпер урад рыхтуе праект нарматыўна-прававога акта, накіраванага на ўвядзенне дыферэнцыраванай аплаты жыллёва-камунальных паслуг. У аснову новай тарыфнай палітыкі будзе пакладзены інструмент уліку спажыванай паслугі. Прапануецца ўстанавіць тры тарыфы: сацыяльны, павышаны і максімальны.