BE RU EN

Чаму заходнія СМІ маўчаць пра тыранію ў Беларусі?

  • 24.10.2012, 14:06

Тэлегледачы ВВС у панядзелак ўбачылі вельмі рэдкае інтэрв'ю з апошнім дыктатарам Еўропы.

Яго ўзяў Яўген Лебедзеў, сын рускага алігарха і ўладальніка брытанскіх выданняў Evening Standart і Independent. Ён апынуўся дастаткова ўдачлівы, каб сустрэцца з беларускім кіраўніком. Журналісты ВВС былі запрошаныя толькі ў якасці гасцей, таму не маглі задаваць пытанні. На іх думку, магчымасць узяць інтэрв'ю з'явілася ў Лебедзева толькі дзякуючы асабістым сувязям, піша журналіст і сацыёлаг Дэн Холдэн у брытанскім палітычным інтэрнэт-выданні Left Foot Forward (пераклад - charter97.org).

Падчас дзіўна душэўнай размовы Лукашэнка з энтузіязмам пераконваў у тым, што беларусам патрэбна бяспека, а не заходняя дэмакратыя.

Нягледзячы на тое, што ён у дэталях казаў аб Захадзе, кіраўніку Беларусі аказалася складана ўспомніць пра тыя злачынствы і парушэнні праў чалавека, якія адбываліся пад яго кантролем.

Нядаўнія акцыі пратэсту былі жорстка падушаныя, грамадзянскія свабоды ўсё мацней абмяжоўваюць, а журналістаў затрымліваюць.

Пасля рэферэндуму 1996 года Лукашэнка атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы і права прызначаць вышэйшае кіраўніцтва краіны.

Усе выбарчыя кампаніі, якія прайшлі ў Беларусі пасля яго абрання, не былі сумленнымі і справядлівымі. Пасля нядаўніх «выбараў » ні адзін сябра апазіцыі не патрапіў у «парламент».

Будзе лішнім нагадваць пра тое, што Лукашэнка не збіраецца раскайвацца ў тым, што ён зрабіў і працягвае парушаць правы чалавека. Нягледзячы на гэта, увага да гэтага рэпрэсіўнага рэжыму нашмат менш, чым да іншых. Мы вельмі рэдка чуем пра Беларусь у нашых СМІ. Чаму?

Для таго, каб прадэманстраваць гэта, дастаткова параўнаць Беларусь з іншымі падобнымі краінамі, напрыклад, з Зімбабвэ - супастаўнай з ёй з пункту гледжання парушэнняў праў чалавека і адсутнасці дэмакратыі афрыканскай дзяржавай.

Пошукавік Google выдае на запыт навін па слову «Зімбабвэ» каля 191000 спасылак, а па слове «Беларусь» - толькі 112000. Падобнае параўнанне запытаў «Мугабэ» і «Лукашэнка» выдае адпаведна 9460 і 2810 спасылак.

Розніцу ва ўвазе да двух рэжымаў на працягу некалькіх гадоў дэманструюць наступныя графікі:

Нягледзячы на тое, што гэта даследаванне не з'яўляецца занадта пераканаўчым, з яго можна зрабіць пэўныя высновы. Статыстыка Google пацвярджае розны ўзровень цікавасці і ўвагі да двух аднолькава агідных рэжымаў.

Гэтыя факты прымушаюць нас задацца пытаннем аб тым, што ж робіць навіну годнай таго, каб пра яе распавялі журналісты. Але, нягледзячы на відавочныя факты, незразумела, чаму так мала ўвагі надаецца Беларусі? Хіба там мала смерцяў? Хіба гэта занадта складана? Хіба сітуацыя там не з'яўляецца працягам «халоднай вайны», а рэжым - часткай «восі зла»?

Падаўленне СМІ ў Беларусі не можа з'яўляцца прычынай таго, што падзеі ў ёй недастаткова асвятляюцца. У Зімбабвэ, як і ў Беларусі, існуе небяспека для журналістаў, у абедзве краіны складана патрапіць прадстаўнікам заходніх медыя.

Неабходна зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць асвятленне зла, якое адбываецца ў нашым свеце, асабліва, у тых яго частках, якія абдзеленыя ўвагай СМІ.

Апошнія навіны