БХД: Лукашэнка не можа ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах
- 24.10.2012, 15:23
Падчас наступнай прэзідэнцкай кампаніі «трэба ставіць пытанне аб немагчымасці ўдзелу Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах».
Такую думку выказаў 24 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, паведамляе БелаПАН.
«Не барацьба за сябе любімых, а барацьба за свабодныя выбары павінна быць агульнай стратэгіяй беларускай апазіцыі. Трэба ставіць пытанне аб немагчымасці ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў наступных выбарах. Думаю, большасць не хоча яго нават бачыць у спісах, не тое, каб галасаваць за яго. Нязменны кіраўнік на працягу 25 гадоў - здзек, спадзяюся, беларускія ўлады гэта разумеюць», - сказаў Рымашэўскі.
Ён таксама падкрэсліў, што адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах павінны абраць людзі, каб не ладзіць «міжсабойчык» апазіцыйных лідэраў. «Мы супраць любых кулуарных рашэнняў», - заявіў Рымашэўскі.
«Беларускія хрысціянскія дэмакраты не прапускалі з часу свайго заснавання ні адной палітычнай кампаніі. Усе яны праходзілі паспяхова, зыходзячы з тых магчымасцей, якія ў партыі на той момант былі», - адзначыў Рымашэўскі.
Паводле яго слоў, галоўным пытаннем наступнай выбарчай кампаніі варта лічыць не вылучэнне адзінага кандыдата ад апазіцыі, а ўмовы правядзення выбараў.