BE RU EN

«Белаўтадар» знайшоў вінаватага ў дрэнных дарогах

  • 25.10.2012, 10:00

«Белаўтадар» разлічвае на знешнія крэдытныя рэсурсы для выканання важнейшых праектаў па мадэрнізацыі дарог.

Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі дырэктара дэпартамента «Белаўтадар» Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Юрый Масюк.

«Тыя фінансавыя магчымасці, якімі мы цяпер маем, дазваляюць капітальна адрамантаваць дарогу раз у 150 гадоў», - канстатаваў ён. У сувязі з гэтым, на яго думку, сродкі, якія выдзяляюцца з бюджэту, трэба накіроўваць на «болевыя кропкі», а таксама прыцягваць дадатковыя крыніцы фінансавання, піша TUT.by.

Напрыклад, за кошт крэдытных рэсурсаў Сусветнага банка ўжо рэканструюецца аўтамабільная дарога М5 Менск - Гомель па параметрах I катэгорыі на ўчастку Пухавічы - Бабруйск (завяршыць работы намечана ў 2013 годзе). Таксама падпісаны ўказ аб прыцягненні пазыковых сродкаў Эксімбанка КНР на рэканструкцыю гэтай жа трасы на ўчастку Жлобін - Гомель (заканчэнне работ запланавана ў 2014 годзе). Абмяркоўваецца пытанне аб выкарыстанні крэдытаў міжнародных банкаў, у тым ліку КНР, Сусветнага, Еўразійскага банка развіцця і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Іх сродкі спатрэбяцца для працягу рэканструкцыі дарогі М5 на ўчастку Бабруйск - Жлобін, а таксама аўтамабільных дарог М6 Менск - Гродна - мяжа Польшчы (Брузгі), М3 Менск - Віцебск.

Юрый Масюк паведаміў, што пагашаць узятыя ў крэдыт сродкі збольшага можна будзе за кошт выручкі ад праезду міжнародных перавозчыкаў па платных дарогах. Пакуль у Беларусі разлік за праезд вядзецца ў ручным рэжыме толькі на магістралі Брэст - Менск М1/Е30. Аднак нацыянальная электронная сістэма збору платы за праезд, якая ўкараняецца зараз, з часам ахопіць усе дарогі, якія злучаюць Менск з абласнымі цэнтрамі.

Міністэрства транспарту і камунікацый рэалізуе праграму «Дарогі Беларусі», разлічаную на 2006-2015 гады. Яе асноўнымі задачамі з'яўляюцца мадэрнізацыя дарог ва ўсіх напрамках міжнародных транспартных калідораў, павышэнне тэхнічнага ўзроўню рэспубліканскіх магістраляў, якія злучаюць Менск з абласнымі цэнтрамі; будаўніцтва абыходаў некаторых гарадоў; развіццё сеткі мясцовых дарог; будаўніцтва аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Асаблівая ўвага ў праграме надаецца таксама пытанням забеспячэння бяспекі дарожнага руху.

У Беларусі працягласць аўтамабільных дарог агульнага карыстання складае больш за 86 тыс. км (у тым ліку 15,5 тыс. км рэспубліканскага значэння). Сетка дарог сфарміравана з улікам далейшага развіцця эканомікі краіны і сацыяльных патрэбаў насельніцтва, таму будаўніцтва новых напрамкаў, за невялікім выключэннем, практычна не патрабуецца.

Апошнія навіны