BE RU EN

ЕЗ пераглядае правілы прыёму бежанцаў

  • 25.10.2012, 13:36

Савет ЕЗ ухваліў у чацвер пагадненне аб еўрапейскай дырэктыве, што ўстанаўлівае нормы для прыёму просьбітаў прытулку ў Еўразвязе.

Як паведаміла прэс-служба савета, у пагадненні адлюстраваны вынікі перамоў па гэтай праблеме з Еўрапейскім парламентам. Пасля афіцыйнага зацвярджэння дакумента, дзяржавам-удзельніцам ЕЗ будзе дадзена два гады для ўключэння новых палажэнняў у нацыянальныя заканадаўствы, перадае «Інтэрфакс».

У камюніке адзначаецца, што дырэктыва не будзе распаўсюджвацца на Данію, Ірландыю і Велікабрытанію.

На думку аўтараў дакумента, новая дырэктыва аб умовах прыёму просьбітаў прытулку дазволіць палепшыць становішча ва ўсім ЕЗ людзей, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне, незалежна ад таго, якой дзяржаве была адрасавана просьба. Дзяржавы-члены ЕЗ могуць удасканаліць адпаведныя нацыянальныя правілы, калі таго пажадаюць.

Новыя правілы прыёму ўлічваюць розніцу ў нацыянальных юрыдычных сістэмах, дазваляюць пазбягаць нерацыянальнага фінансавання і больш эфектыўна змагацца супраць злоўжыванняў рэжымам прыёму, гаворыцца ў камюніке прэс-службы Савета ЕЗ.

У Брусэлі адзначылі, што новая дырэктыва накіравана на павышаны клопат пра найбольш уразлівыя катэгорыі просьбітаў прытулку - непаўналетніх, ахвяр гвалту і катаванняў або іншых праяў жорсткасці. Ім будзе забяспечаны доступ да медыцынскага абслугоўвання і псіхалагічнай дапамогі. Персанал, які працуе з гэтымі людзьмі, павінен атрымліваць адпаведную падрыхтоўку і быць звязаны ўмовамі прыватнасці ў працы.

Дырэктыва прадугледжвае на пэўных умовах скарачэнне тэрміну доступу просьбітаў прытулку на рынак працы, прадастаўленне бясплатных юрыдычных паслуг і вызначае матэрыяльныя аспекты прыёму.

Апошнія навіны