Ушчыльненне на Заслаўскай: трэцяя спроба (Фота)
- 25.10.2012, 15:40
Пратэстуючых жыхароў пераконваюць, што пасля ўшчыльнення іх жыццё значна палепшыцца.
Галоўны архітэктар Менска Аляксандр Пятроў вырашыў сыходзіць ад непрадуктыўных, з яго пункту гледжання, сустрэч насельніцтва з заказчыкамі і пераводзіць палеміку ў фармат перапіскі. Падобна, менавіта па такім сцэнары пройдзе грамадскае абмеркаванне праекта на вуліцы Заслаўскай. Нагадаем, кампанія «Саўт Вестэрн», якая прадстаўляе інтарэсы нейкага англійскага інвестара, спрабуе з трэцяй спробы дамагчыся дазволу на будаўніцтва бізнес-цэнтра на тэрыторыі невялікага сквера. На гэты раз прэзентацыі праекта не будзе. А на днях жыхары знайшлі ў сваіх паштовых скрынях ліст ад заказчыка, піша onliner.by.
У лісце дырэктар кампаніі «Саўт Вестэрн» Людміла Шчурава інфармуе аб тым, што пры рэалізацыі праекта будуць «удасканалены ўмовы пражывання на прылеглай тэрыторыі». Пад гэтым маецца на ўвазе пасадка каля дома №17 вечназялёных хвойных раслін (туя, кіпарысавікі, піхта, горная хвоя, ядловец), што, на думку заказчыка, «забяспечыць якасны адпачынак жыхарам дома».
Таксама добраўпарадкаванне мяркуе збудаванне дадатковых тратуараў і дарожак, устаноўку ўрнаў, садовых лавак са спінкамі, гульнявога абсталявання на дзіцячай пляцоўцы. Плануецца будаўніцтва дадатковай паркоўкі на 36 машын для жыхароў і прадастаўленне ім магчымасці карыстацца паркоўкай бізнес-цэнтра ў вячэрні і начны час.
Дырэктар фірмы заказчыка ў лісце пераконвае грамадзян: «Пасля ўводу ў эксплуатацыю адміністрацыйнага будынка па вул. Заслаўскай вашы ўмовы пражывання не пагоршацца, а будуць у некалькі разоў лепш, чым у вашых суседзяў па Цэнтральнаму раёну».
Мясцовыя жыхары на кампраміс ісці не збіраюцца і ўжо рыхтуюць новыя звароты ў кантралюючыя інстанцыі. Яны перакананыя, што ніякае добраўпарадкаванне ў двары не зможа кампенсаваць страты зялёнай зоны. Таксама яны лічаць, што пры праектаванні будынка значна заніжаная яго патрэба ў машына-месцах (на 380 супрацоўнікаў ствараецца усяго 89 новых месцаў на паркоўцы).