Экс-кіраўнік Масада па-ранейшаму знаходзіцца ў менскай клініцы
- 25.10.2012, 17:01
Экс-кіраўнік Масада Мэір Даган, якому зрабілі аперацыю ў Беларусі, па-ранейшаму знаходзіцца ў менскім шпіталі, стан яго нармальны.
Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал.
«Стан яго нармальны. За ім вельмі ўважліва назіраюць беларускія ўрачы. Вядома, усе хочуць, каб ён як мага хутчэй патрапіў дамоў. Але ўрачы пакуль што гэта зрабіць не дазваляюць», - сказаў Шагал
Пры гэтым ён адзначыў, што «перасадка печані - гэта вельмі сур'ёзная аперацыя. Трэба яшчэ ўлічваць узрост. Яму ўсё ж такі 67 гадоў. Усё гэта адбіваецца на пасляаперацыйным перыядзе. І ён, і яго жонка выдатна разумеюць, што цяпер трэба знаходзіцца пад строгім наглядам дактароў».
Шагал распавёў, што «пакуль што Дагану можна харчавацца той ежай, якую прыгатавалі ў шпіталі. Робіцца гэта па загадзе дактароў, у тым ліку і харчаванне. Яму дазволена толькі тая ежа, якую прызначаць урачы і прыгатуюць ў шпіталі. Гэта лёгкая ежа - у асноўным кашы». «Яго спрабавалі чымсьці смачненькім пачаставаць, але ўрачы гэта катэгарычна забаранілі», - сказаў амбасадар.
Ён таксама паведаміў, што побач з Даганам у менскай клініцы «яго жонка, дачка, а таксама яго стары вайсковы сябар».
Нагадаем, аб тым, што былы кіраўнік ваеннай выведкі Ізраіля знаходзіцца ў Беларусі пасля аперацыі па трансплантацыі печані, паведаміў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ 16 кастрычніка. За гэтым рушылі ўслед паведамленні ізраільскіх выданняў, якія абверглі многае з таго, што сказаў Лукашэнка: у прыватнасці інфармацыю аб тым, што ЗША, Германія і Швецыя адмовілі Дагану ў лячэнні і што аперавалі яго беларускія ўрачы.
Пасля таго, як інфармацыя аб знаходжанні Дагана стала здабыткам галоснасці, сваякі праапераванага сталі баяцца за яго бяспеку і запатрабавалі ад Ізраіля ўзмацнення аховы беларускай клінікі, дзе знаходзіцца пацыент.
21 кастрычніка брытанская газета The Sunday Times напісала, што былому кіраўніку Масада ў Беларусі пагражае напад агентаў Ірана або ліванскага руху «Хезбала».