У верасні 80 тысяч беларусаў апынуліся «на вуліцы»
- 26.10.2012, 14:44
У верасні ў Беларусі страцілі працу каля 80 тыс. чалавек, занятасць скарацілася на 2,2 тыс.
У эканоміцы Беларусі ў студзені - верасні 2012 года было занята 4570 тыс. чалавек, што на 2,1%, або на 98 тыс. чалавек, менш, чым у студзені - верасні 2011 года, і на 2,2 тыс. чалавек менш, чым у студзені - жніўні 2012-га. Аб гэтым паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе Белстата.
Арганізацыямі рэспублікі (без суб'ектаў малога прадпрымальніцтва недзяржаўнай формы ўласнасці) у студзені - верасні 2012 года было прынята на працу 669,9 тыс. чалавек і звольнена па розных прычынах 706,4 тыс. чалавек.
У верасні ў Беларусі страцілі працу 79,9 тыс. чалавек, і ўжо ў 8 месяцах з 9 лік звольненых перавышае лік прынятых на працу. Таксама неабходна ўлічыць, што за верасень прынята на працу 86,4 тыс. чалавек.
Такім чынам, за студзень - верасень лік звольненых перавысіў колькасць прынятых на працу на 36,5 тыс. чалавек. Звязана гэта ў першую чаргу з заканчэннем сезонных работ. Так, у сельскай гаспадарцы за месяц скарацілі 11,1 тыс. чалавек.
Нагадаем, што ў планах ўрада - стварэнне новых 400 тыс. працоўных месцаў у бліжэйшую пяцігодку. Аднак па факце з пачатку года ў Беларусі створана толькі 38,9 тыс. новых працоўных месцаў. Пры захаванні бягучых тэмпаў за пяць гадоў будзе створана толькі 260 тыс. новых працоўных месцаў.
На першае месца па страце працоўных месцаў па выніках студзеня - верасня 2012 года выйшла прамысловасць: колькасць чалавек, якія працуюць у ёй скарацілася на 16,1 тыс. чалавек. На другім месцы знаходзіцца будаўніцтва: са студзеня па верасень колькасць людзей, якія працуюць у галіне паменшылася на 15,2 тыс. чалавек. Сфера адукацыі па выніках дзевяці месяцаў скарацілася на 9 тыс. чалавек.