КДБ: Расейскага адваката ў Менску не арыштоўвалі
- 29.10.2012, 12:41
У КДБ заяўляюць, што не затрымлівалі расейскага адваката Максіма Караткова-Гуляева ў Менску.
Начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ Беларусі Аляксандр Антановіч паведаміў «Радыё Свабода», што КДБ не затрымліваў расейскага адваката Максіма Караткова-Гуляева, які абараняе фігурантаў «балотнай справы».
Ніякіх іншых тлумачэнняў у КДБ не далі.
У расейскай амбасадзе ў Менску сказалі, што ведаюць пра затрыманні з паведамленняў СМІ.
«Цяпер наша консульская служба правярае інфармацыю - ці быў факт затрымання. Пакуль ніякай інфармацыі ў нас няма. Мы зрабілі запыт у Міністэрства замежных спраў, але адказу пакуль няма», - паведамілі ў амбасадзе Расеі.
Раней калегі адваката паведамілі журналістам, што Максім Караткоў-Гуляеў, адвакат аднаго з фігурантаў справы аб «масавых беспарадках» на Балотнай плошчы ў Маскве 6 траўня ў гэтым годзе, затрыманы беларускімі спецслужбамі ў Менску.
Па словах адваката Аляксандра Васільева, калегі Максіма Караткова-Гуляева, той паведаміў яму пра сваё затрыманне ў тэлефоннай размове.
«Ён сказаў мне наступнае: што ён знаходзіцца ў Менску і што яго затрымліваюць службы бяспекі Беларусі. Усё, на гэтым сувязь перарвалася», - распавёў Васільеў.
Максім Караткоў-Гуляеў прадстаўляе інтарэсы Рыхарда Собалева, аднаго з фігурантаў справы аб «беспарадках» на Балотнай плошчы. На гэтым тыдні ён паведамляў, што ў яго кватэры прайшоў ператрус, падчас якога паліцыя канфіскавала дасье на Собалева і буйную суму грошай. Пры гэтым ён заявіў, што сам выклікаў паліцыю, каб паведаміць аб нейкім правапарушэнні. У сталічным глаўке МУС сказалі, што паліцыянты нібыта выявілі дома ў Караткова-Гуляева муляж гранаты і адвезлі яго ў АУС для дачы тлумачэнняў.