Зюганаў: Чаму ЕЗ вядзе дыялог толькі з ліберальнай апазіцыяй?
- 29.10.2012, 12:47
Сапраўды, чаму не з дыктатурай?
Санкцыі Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі неправамерныя і абсалютна кан'юнктурныя. Такое меркаванне выказаў БелТА старшыня ЦК КПРФ Генадзь Зюганаў.
«Санкцыі ЕЗ у дачыненні да Беларусі неправамерныя і з'яўляюцца абсалютна кан'юктурнымі. Гэта прамы ціск на Аляксандра Лукашэнку за яго сяброўства з Расеяй і незалежную ад Захада палітыку. Адно незразумела: калі ЕЗ такі моцны прыхільнік «падтрымкі беларускага народа», то чаму ён вядзе разумны дыялог толькі з ліберальнай апазіцыяй, але па факце ігнаруе дзяржаўныя структуры і іншыя палітычныя сілы?» - падкрэсліў лідэр расейскіх камуністаў.
Ён таксама адзначыў, што палітыка санкцый з боку ЕЗ - запраграмаваны курс на выключэнне Беларусі са спісу ўплывовых палітычных гульцоў у рэгіёне. «ЕЗ не патрэбны раўнапраўны і палітычна самастойны партнёр. Ім патрэбен рэжым, падобны з рэжымам Юшчанкі, якім можна панукаць як заўгодна», - заўважыў Генадзь Зюганаў.
«Думаю, Беларусі трэба паступаць так, як належыць моцнай незалежнай дзяржаве - шукаць альтэрнатыву. ЕЗ адступіцца, калі зразумее, што яго санкцыі не так ужо моцна палохаюць кіраўніцтва краіны, але з'яўляецца рэальны шанец страціць выгаднага гандлёвага партнёра. У ЕЗ занадта шмат унутраных праблем, каб рызыкаваць яшчэ і ў знешняй палітыцы», - сказаў Генадзь Зюганаў.