Расейскі адвакат: Спецслужбы прымусілі мяне пакінуць Менск
- 30.10.2012, 19:36
Адвакат Максім Караткоў-Гуляеў сёння вярнуўся ў Маскву і патлумачыў, што з ім здарылася ў Менску.
- Праз некалькі гадзін, пасля таго як я пасяліўся ў менскім гатэлі «Гранд Плаза», у дзверы да мяне пастукалі. Адкрыўшы іх, я ўбачыў некалькі людзей у цывільным. Хто яны і навошта прыйшлі, казаць адмовіліся. Я мяркую, што гэта былі беларускія спецслужбы. Яны патлумачылі мне, што маё знаходжанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь непажадана. Пры гэтым была вылучана прапанова пераправіць мяне ў Германію, якая выклікала ў мяне, мякка кажучы, здзіўленне - бо ў мяне нават няма замежпаспарта! На гэту заўвагу таксама была ўдвая дзіўная прапанова: «І гэтая праблема вырашальная»... Вядома ж, я адмовіўся, - паведаміў ён сайту «Особая буква».
- Вам пагражалі?
- Не, гэтыя людзі былі вельмі карэктныя у адрозненне ад маскоўскі паліцыі, якая праводзіла ў мяне дома незаконны ператрус. Яны не чапалі мяне, не чапалі грошы, якія ў мяне былі з сабою, не праводзілі ператрусаў. Аднак кругласутачна за мной назіралі, пакуль я не пакінуў тэрыторыю Беларусі.
- З чым вы звязваеце такую ўвагу да сябе?
- Лічу, што тут паўплывала сукупнасць фактараў: па-першае, нядаўні скандал, звязаны з сустрэчай Удальцова з грузінскімі палітыкамі ў Менску, па-другое, нядаўні ператрус у мяне ў кватэры, які я асабіста звязваю з «балотнай справай».
Нагадаем, што Максім Караткоў-Гуляеў з'яўляецца абаронцам аднаго з фігурантаў справы аб акцыях пратэсту на Балотнай плошчы. Раней ён працаваў у гучным працэсе па справе «Ціханава-Хасіс». На днях з'явілася інфармацыя, што расейскага адваката затрымалі ў Менску супрацоўнікі беларускага КДБ.