Лукашэнка спрабуе запалохаць заходніх амбасадараў
- 5.10.2012, 12:17
Дыктатар назваў палітыку Бруселя «недасканалай і тэндэнцыйнай».
«Мы чакаем, што Еўразвяз адмовіцца ад бессэнсоўнага ціску на нашу краіну. Распачне крокі для аднаўлення даверу да сябе, як да сур'ёзнага партнёра і добрага суседа», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ў пятніцу даверчыя граматы ў амбасадараў шэрагу замежных дзяржаў, сярод якіх былі новыя кіраўнікі дыпламатычных місій Велікабрытаніі, ФРГ, Літвы, Венгрыі, перадае «Інтэрфакс».
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не прымае ціску і ўмяшання ва ўнутраныя справы. «Ментарскі тон і нібыта адзіны сапраўдны заходні светапогляд колькі заўгодна могуць навязвацца краінам, якія бачаць сябе ў будучыні часткай Еўразвяза. Але гэта - не ў дачыненні да Беларусі», - заявіў дыктатар.
Паводле яго слоў, «на шляху эвалюцыйных пераўтварэнняў або, калі хочаце, мадэрнізацыі палітычнай і эканамічнай сістэмы ў інтарэсах нашага народа, мы не будзем дзейнічаць па чыёй-небудзь указцы звонку». У той жа час, адзначыў Лукашэнка, «мы адзіныя з еўрапейцамі ў разуменні канчатковых мэтаў нашых рэформаў: умацаванні пазіцый Беларусі як сучаснай, адказнай, дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавы».
Дыктатар адзначыў, што сёння еўрапейская эканоміка сутыкнулася з сур'ёзнымі выклікамі. «Чуваць, нават думкі аб пагрозах цэласнасці Еўрапейскага звяза», - сказаў Лукашэнка. У гэтых умовах, паводле яго слоў, «як ніколі важна аб'яднанне намаганняў краін усяго кантынента, для барацьбы з фінансава-эканамічнымі цяжкасцямі, а таксама новымі трансгранічнымі праблемамі». «І ўсе неабыякавыя і разважныя людзі гэта разумеюць. Як і тое, што па суседстве з Еўразвязам дынамічна развіваецца канструктыўна настроены еўразійскі інтэграцыйны праект», - адзначыў беларускі дыктатар.
У гэтай сытуацыі Лукашэнку здзіўляе «тая недасканаласць і тэндэнцыйнасць, з якой асобныя дзеячы ў Брусэлі, дарэчы, якія ўсё больш адрываюцца ад рэальных патрэб еўрапейскіх народаў, ацэньваюць падзеі ў нашай краіне».
Пазней, размаўляючы з дыпламатамі за куфлем шампанскага, у размове з амбасадарам Велікабрытаніі Лукашэнка прапанаваў «не ўчыняць канфрантацыі». «Мы гатовыя, калі вы гатовыя, супрацоўнічаць. Думаю, пара адмовіцца ад стэрэатыпаў і стандартных абвінавачванняў з боку Еўразвяза», - заявіў ён.
У сваю чаргу амбасадар Велікабрытаніі Брус Бакнел сказаў, што ў яго краіне таксама разлічваюць на паляпшэнне адносін з Беларуссю. «Але ў нас ёсць пазіцыя, і яна не адрозніваецца ад таго, чаго мы хочам ад Расеі, Казахстана, іншых дзяржаў», - адзначыў брытанскі дыпламат.