За кампазіцыі з Лукашэнкам - у КДБ
- 5.10.2012, 12:56
Пасля выставы на «Ружанскай браме» да народнага майстра Мікалая Тарасюка прыязджаў КДБ.
Мікалай Тарасюк, 80-гадовы народны майстар з вёскі Стойла Пружанскага раёна, праславіўся не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой.
Ён не проста выразае фігуркі з дрэва. Мікалай Тарасюк складае з іх глыбакадумныя кампазіцыі і забяспечвае сатырычнымі подпісамі. Ёсць у калекцыі майстра працы, прысвечаныя Лукашэнке і чыноўнікам. Асноўная ж частка вырабаў ілюструе сялянскі побыт.
15 верасня другі раз прайшло абласное свята «Ружанская брама», на якім майстар прадставіў свае працы, піша «Брестская газета». Пасля гэтага Мікалаем Тарасюком зацікавіўся менскі КДБ.
«КДБ мне тэлефануюць з Менска: «Вы ў Ружанах былі?» - «Быў », - сказаў народны майстар. - «Якія працы вазіў?» - «Якія былі, такія і вазіў». - «А што за працы?» - «Такую, такую, такую... Лукашэнку, як ён на каньках катаецца. Зямля зарасла бур'яном, а канькі даражэй зямлі сталі. Плуг прамяняў на мячык і на канькі. І яшчэ «парламент»: як Лукашэнка гаварыць, а яго задам слухаюць. Вось такія працы я і вазіў».
Пасля гэтага званка да Мікалая Тарасюка прыехалі супрацоўнікі КДБ з Брэста:
«Узялі яны таго вазака, які вазіў мае працы... І прыязджае да мяне з Брэста КДБ. Водзяць па музею: «Гэтая была праца, гэтая не была, гэтая была, гэтая не была». - «Вы добра заўважылі?» - «Добра заўважыў». Я кажу: «І што вы думаеце? Вы кіраўнікі? Я ўжо 80 гадоў дажываю. І я такіх прэзідэнтаў ўжо 20 штук перажыў. І ні адзін руку не вядзе на мужычковую долю, а ўсё на чынавенства. І гэты доўга не будзе, кажу. А я стаю за мужыка і буду стаяць за мужыка, хоць павесьце мяне прама цяпер».