BE RU EN

Дыктатар: Няўжо беларускі рэжым больш жорсткі, чым расейскі?

  • 7.10.2012, 23:18

(абноўлена) Чарговыя «адкрыцці» беларускага дыктатара паказаў тэлеканал «Мир».

«Адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам - гэта суцэльны, бесперапынны прыклад таго, як ЕЗ хоча перавярнуць не толькі гісторыю, але і нашу краіну. Часам на роўным месцы нам прад'яўляюць нейкія прэтэнзіі, зыходзячы з падвойных стандартаў», - адзначыў Лукашэнка ў інтэрв'ю тэлерадыёкампаніі «Мир», паведамляе «Інтэрфакс».

«Няўжо наш беларускі рэжым больш жорсткі, чым, напрыклад, расейскі, і тэндэнцыі ў Беларусі горш, чым у Расеі?», - задаўся пытаннем беларускі кіраўнік.

Тым не менш, паводле яго слоў, «яны (на Захадзе - ІФ) Расею дзяўбуць, дзяўбуць, але крануць баяцца, таму што ў руках у расейскага кіраўніцтва засаўка. Заўтра застануцца (у ЕЗ - ІФ) без прыроднага газу і нафты, што тады? Вось і ўся іх палітыка - суцэльныя падвойныя стандарты», - сказаў Лукашэнка.

«Ці ў нас рэжым горш, чым, напрыклад, у Саудаўскай Аравіі, з якой амерыканцы ходзяць у абдымку? Але там нафта і грошы. А грошы не пахнуць, і амерыканскія палітыкі любяць любы пах грошай», - дадаў дыктатар.

Лукашэнка сказаў, што яму нядаўна давялося праглядзець дакумент аб тым, як раіліся ў ЕЗ чыноўнікі і палітыкі пасля «парламенцкіх выбараў» у Беларусі. «Цытую: паколькі ў «парламент» не прайшоў ні адзін апазіцыянер, «выбары» у Беларусі былі недэмакратычнымі. Але гэта ж абсурд!», - заявіў Лукашэнка.

Дыктатар таксама распавёў пра свайго малодшага сына Колю, у якога «характар не падарунак».

«Я часта раніцай з малым, калі ён у школу ідзе, размаўляю. Ён раўнівы. Сядзе на калені і пытаецца: «Я ж у цябе адзін сын?». Кажу: «Як жа адзін, а Дзіма, Віця?» Ён у адказ: «Што ты мне пра іх распавядаеш, яны ўжо дарослыя. Так, яны сыны, але ў іх ужо свае дзеці». Гэта ён мне часта кажа з рэўнасці. Хаця ў іх добрыя адносіны», - сказаў Лукашэнка.

«Ён расце добрым чалавекам, не ведаю, як далей будзе. Характар, як у бацькі калісьці быў, - не падарунак», - сказаў на заканчэнне дыктатар.

Беларускі кіраўнік таксама заявіў, што не мае асабістага жыцця і працуе кругласутачна.

«Але гэта не значыць, што ён не спіць. Але і калі ён спіць, калі нешта здараецца, ніхто цырымоніцца не будзе: прэзідэнта пабудзяць імгненна. Гэта значыць ён пастаянна, як вавёрка ў коле, - заявіў Лукашэнка. - Вось ён едзе на хакей. Калі не дай бог нешта здарылася: усё, хакея няма. Калі я там вырваў нейкую хвіліну, гэта не значыць, што я з шасці да сямі пасля працы або з васьмі да дзевяці пасля працы бегаю на лыжаролерах або на лыжах. Нічога падобнага. Ёсць акенца з пяці да шасці, бяру сякеру, іду секчы дровы ці бегу на лыжаролерах. Ёсць акенца там трыццаць [хвілін] або гадзіна ў дзевяць гадзін, я там іду ў лазню з малым або са сваімі дзецьмі і г.д. Асабістага жыцця абсалютна ніякага. Гэта ўжо як атрымаецца».

Апошнія навіны