BE RU EN

Івацэвіцкага назіральніка пакінулі без працы

  • 9.10.2012, 10:55

Слесар райводаканала Івацэвіцкага ЖКГ Станіслаў Халадовіч, які быў назіральнікам на «выбарах», атрымаў папярэджанне аб тым, што з ім з 7 лістапада не будзе падоўжаны кантракт.

Тым часам, як на водаканале не хапае 40 работнікаў, піша ПЦ «Вясна».

А вопытных работнікаў з сярэдняй адукацыяй, такіх, як Халадовіч, у прынцыпе не засталося, так як выехалі на заробкі за межы рэспублікі. Цяпер на водаканале ў асноўным працуюць маладыя спецыялісты пасля ПТВ.

Па словах Халадовіча, спагнанняў на працы ён не меў, а ў 2009 годзе нават быў узнагароджаны граматай за выдатную працу. Станіслаў Халадовіч лічыць сваё звальненне палітычна матываваным, кажа, што хвалю незадаволенасці кіраўніцтва паднялі парламенцкія выбары: ён быў назіральнікам на ўчастку № 6 выбарчай акругі № 11, якім кіраваў дырэктар райводаканала Уладзімір Бурда. Гэты ўчастак даў самы нізкі адсотак яўкі на выбарах у раёне. І гэта пры нахабных прыпісках, кажа Халадовіч.

Ён адзначае, што калі ў 2010 годзе за ўдзел у Плошчы адседзеў 15 сутак у Жодзінскім СІЗА, звольнены не быў - пазней быў пераведзены падменным слесарам з паніжэннем зарплаты, не было росту і ў катэгорыі.

Абскардзіць цяперашняе рашэнне дырэкцыі Івацэвіцкага ЖКГ Станіслаў Халадовіч не збіраецца, паколькі расчараваўся ў беларускай судовай сістэме і не верыць у справядлівае рашэнне суда.

Апошнія навіны