BE RU EN

Улады хаваюць дадзеныя аб ахвярах выбуху пад Арэнбургам

  • 9.10.2012, 15:08

На чыгуначнай станцыі Дангуз Арэнбургскай вобласці Расеі сёння прагрымелі тры магутныя выбухі.

Паведамляецца пра чатырох параненых, дастаўленых з траўмамі ў шпіталь. Ва ўпраўленні інфармацыі МНС РФ заявілі, што прычынай выбухаў боепрыпасаў стала ўзгаранне на пляцоўцы па іх пагрузцы. Улады прапанавалі эвакуявацца жыхарам двух пасёлкаў, якія знаходзяцца побач з палігонам. Пасля здарэння пайшлі жахавітыя чуткі аб велізарнай колькасці ахвяр, аднак у абласным урадзе іх абвяргаюць, перадае newsru.com.

Самаадвольны выбух боепрыпасаў адбыўся сёння ў 09:05 па маскоўскім часе пры іх выгрузцы на палігоне. Тэрмін эксплуатацыі боепрыпасаў прайшоў, і снарады падлягалі ўтылізацыі, растлумачылі ў МНС.

Віцэ-губернатар Арэнбургскай вобласці Дзмітрый Кулагін, які прыбыў на месца здарэння, расказаў, што снарады на палігон падвозяцца чыгуначнымі саставамі, пасля чаго на аўтамабілях боепрыпасы адпраўляюць да месцаў утылізацыі. «Выбух адбыўся ў адным з такіх чыгуначных саставаў, які прыбыў на Дангузскі палігон», - удакладніў чыноўнік.

Па дадзеных Мінабароны, пасля першага выбуху асабісты склад быў аператыўна выдалены на бяспечную адлегласць. Усяго выбухі прагрымелі ў трох чыгуначных вагонах, успыхнуў моцны пажар. Кіраўнік Расспажыўнагляду, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач РФ Генадзь Анішчанка заявіў у аўторак, што нягледзячы на шырокую плошчу гарэння, пагрозы хімічнага забруджвання рэгіёну няма.

У абласным урадзе настойваюць, што ахвяры і пацярпелыя адсутнічаюць. Між тым мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што іх будзе вельмі шмат. Як распавяла мясцоваму інтэрнэт-выданню жыхарка Дангуза Валянціна Арамава, выбухі былі такімі моцнымі, што ў дамах павыляталі вокны, абрынуліся столі жылых дамоў. На вуліцах падалі дрэвы на людзей і машыны, на базары ўсе палаткі «склаліся, нібы картачныя домікі».

«Са школ і садоў эвакуююць дзяцей, а таксама работнікаў з мясцовых арганізацый. Усіх просяць пакінуць пасёлак і з'ехаць далей у стэп. Увесь Дангуз накрылі клубы чорнага дыму. Поўнае адчуванне распачатай вайны! Некалькі хвілін таму можна было пачуць сігналы пажарных машын і хуткай дапамогі, якія імкліва паехалі да месца выбуху», - распавяла жанчына.

«Хутчэй за ўсё, на месцы здарэння ёсць ахвяры, магчыма і немалыя... Такія моцныя выбухі хіба могуць прайсці без ахвяр», - лічыць яна.

У Сетцы ўжо з'явіліся першыя відэа наступстваў выбухаў на палігоне, знятых мясцовымі жыхарамі.

Фота, відэа: newsru.com

Апошнія навіны