BE RU EN

Турэмшчыкаў Саннікава спрабуюць засудзіць

  • 1.02.2012, 13:06

Адвакаты Саннікава звярнуліся ў суд з нагоды іх нядопуску да падабароннага.

Як паведаміла жонка кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Ірына Халіп, адвакаты Андрэя Саннікава спрабуюць абскардзіць дзеянні афіцыйных асоб, якія перашкаджалі іхнім сустрэчам з падабаронным.

31 студзеня адвакаты падалі ў магілёўскі суд пазоў з нагоды іх нядопуску да Саннікава ў час яго знаходжання ў турме Магілёва.

«У нас ёсць заява адваката на сустрэчу з Саннікавым з рэзалюцыяй Ламазы (Аляксандр Ламаза, начальнік магілёўскай турмы № 4) адмовіць, таму што Саннікаў - транзітны перасыльны. Ёсць таксама адказ з магілёўскай пракуратуры на скаргу адваката, дзе напісана, што ў сустрэчы адмоўлена, бо Саннікаў не прасіў аб спатканні з абаронцам, а таксама адказ з ДВП (дэпартамент выканання пакаранняў МУС), што не прадастаўлена дастаткова падставаў для неабходнасці спаткання з адвакатам», - распавяла Халіп БелаПАН.

Яна нагадала, што аналагічны пазоў падаваўся ў Віцебскі абласны суд на дзеянні адміністрацыі калоніі «Віцьба-3», дзе зараз знаходзіцца Саннікаў, аднак суд скаргу не задаволіў. «Я разумею, што ў Магілёве будзе такая ж сітуацыя, але бяздзейнічаць мы не можам. І ў будучыні, калі ўсё гэта будзе пераглядацца, у нас павінныя быць канкрэтныя факты», - патлумачыла жонка палітыка.

Акрамя таго, паведаміла Халіп, у бліжэйшыя дні будзе пададзеная скарга генеральнаму пракурору на дзеянні кіраўніцтва калоніі «Віцьба-3», ДВП, віцебскага ўпраўлення ДВП, а таксама пракурора Віцебскай вобласці і ягонага першага намесніка. «Гэта ўсё тыя, хто «засвяціўся» сваімі адпіскамі на скаргі адвакатаў аб парушэнні права Саннікава на атрыманне юрыдычнай дапамогі», - адзначыла жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты.

Нагадаем, 24 студзеня Халіп была дапушчаная на спатканне з мужам пасля чатырохмесячнага перапынку. На наступны дзень яна склікала прэс-канферэнцыю, на якой паведаміла: пад уздзеяннем катаванняў Саннікаў вымушаны быў напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Апошнія навіны