Еўрапарламент: За 10 гадоў беларускія ўлады дазволілі толькі адзін візіт
- 1.02.2012, 16:01
Еўрапейскія чыноўнікі распавялі аб складанасцях атрымання беларускай візы і пра тое, як гэта адбіваецца на адносінах з Еўропай.
23 студзеня Рада міністраў ЕЗ пашырыла крытэры «чорнага спісу» беларускіх чыноўнікаў. На дадзены момант 210 афіцыйных асоб з Беларусі лічацца неўязнымі ў краіны Еўразвяза. Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі еўрапейскіх чыноўнікаў з'яўляюцца неўязднымі ў Беларусь, перадае «Еўрарадыё».
«Якія спісы? Не зусім разумею, пра што вы кажаце? Па-першае, я не цікавілася. Па-другое, не ведаю. Звяртаюцца не да Кіраўніцтва інфармацыі, а ў амбасаду, таму сказаць нешта складана», - распавядаюць у прэс-службе МЗС.
Чыноўнік Еўрапейскага парламента Міхал Чапліцкі кажа, што за апошнія 10 гадоў беларускія ўлады дазволілі толькі адзін афіцыйны візіт у Беларусь. Ведаючы, што, хутчэй за ўсё, атрымаць беларускую візу не атрымаецца, еўрапейскія дэпутаты нават не спрабуюць гэтага рабіць. Тым не менш, у пачатку сакавіка Еўрапейскі парламент у чарговы раз паспрабуе наведаць Беларусь.
«І будзем глядзець, што з гэтага атрымаецца. Пакуль не ведаем. Запланаваны візіт у сакавіку, звязаны з Парламенцкай асамблеяй «Еўранэст». Як вы ведаеце, Еўранэст не прыняў беларускі ўрад, таму што Еўрапейскі парламент не лічыць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі. Але, безумоўна, мы хацелі б змяніць сітуацыю ў Беларусі да лепшага», - кажа Чапліцкі.
Спецдакладчык па Беларусі Андрэс Херкель афіцыйна за візай не звяртаўся. Але ён звяртаўся да прадстаўніка Беларусі ў Страсбургу і паказаў жаданне сустрэцца з беларускімі палітвязнямі. Рэакцыі няма ды дагэтуль.
«Гэта, натуральна, перашкаджае працы. Я зрабіў маніторынгавы даклад па Азербайджане. Я заўсёды меў доступ нават да тых людзей, якія ў турме», - сказаў Херкель.
Андрэс Херкель не можа зразумець, чаму беларускія амбасады адмаўляюць у візах еўрапейскім чыноўнікам. Але пагаджаецца, што трэба працягваць працу нават у такіх умовах:
«Калі ёсць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх грамадзянаў, якія звязаныя з фальсіфікацыямі выбараў ці рэпрэсіямі - гэта адная справа. Ні я, ні адзін іншы прадстаўнік Еўрапейскага парламента такім не займаўся. Таму няма прычыны адмаўляць у візах».
Нагадаем, падчас паседжання 12 студзеня міністры замежных спраў краін Еўразвяза пашырылі крытэры, з дапамогай якіх спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў у ЕЗ можа быць значна пашыраны.
Зараз у Еўрапейскі звяз не могуць уехаць кіраўнік Беларусі і тры ягоныя сына. Сярод іншых, у «чорны спіс» ЕЗ унесеныя старшыня ЦВК Лідзія Ермошына, старшыня КДБ Вадзім Зайцаў.
Па словах старшыні дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Ігара Рачкоўскага, неўязнымі ў Беларусь з'яўляюцца 400 тысяч чалавек. Цяжкасці з атрыманнем беларускіх віз звычайна ўзнікаюць у еўрапейскіх праваабаронцаў, чыноўнікаў і дэпутатаў. Так, за апошні год беларускую візу не змаглі атрымаць прэзідэнт Федэрацыі правоў чалавека Сухайр Белхасен, мэр Вільні Артурас Зуокас, дэпутат шведскага парламента Крысціян Хольм.